Справу вядзе судзьдзя Вярхоўнага суду Андрэй Алешчанка.
Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін расказваў, што рашэньне аб адмове ў яе перарэгістрацыі згодна з новым законам было прынятае 30 ліпеня «на вядомых падставах: недахоп структур, няма неабходнай колькасьці сяброў партыі, якая патрабуецца паводле новага заканадаўства».
У верасьні Сяргей Калякін накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на адмову ў перарэгістрацыі партыі, у якой просіць суд абавязаць Міністэрства юстыцыі перарэгістраваць Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет» і паставіць перад Канстытуцыйным Судом пытаньне аб праверцы канстытуцыйнасьці закону Рэспублікі Беларусь «Аб унясеньні зьмяненьняў у законы аб дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб'яднаньняў».
Але аб рашэньні суду па гэтай скарзе інфармацыі няма.
Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» заснаваная ў 1991 годзе, да 2009 году яна называлася «Партыя камуністаў Беларуская» (ПКБ). У 1996 годзе частка яе сяброў, якія падтрымлівалі Лукашэнку, аддзялілася і ўтварыла праўладную Камуністычную партыю. Партыя ж «Справядлівы сьвет» — апазыцыйная. Таксама яна ўваходзіць у склад Партыі эўрапейскіх левых.
Старшыня партыі, 71-гадовы Сяргей Калякін, спрабаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2001, 2006 і 2015 гадах у Беларусі, аднак ва ўсіх выпадках ня стаў кандыдатам.
Раней усе апазыцыйныя партыі Беларусі былі закрытыя ўладамі.
20 верасьня Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
- У канцы 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і зьнешняй палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сілаў і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
- Пасьля гэтага ўлетку і ў пачатку восені ў Беларусі зьліквідавалі 9 апазыцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структураў: Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскую партыю, Сацыяльную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю.
- Перарэгістравалі толькі праўладныя Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».
- 4 верасьня стала вядома, што ў працэсе самаліквідацыі знаходзіцца Беларуская аграрная партыя.