На гэты раз у пералік асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці дадалі 34 прозвішчы. Сярод іх стрыечны праўнук Якуба Коласа Мікіта Бруй, якога летам гэтага года асудзілі за садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці.
Мікіта Бруй — 17-гадовы стрыечны праўнук народнага пісьменьніка Беларусі Якуба Коласа, вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Мікалаеўшчына.
Яго затрымалі ў справе «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» і абвінавацілі ў «наўмысных дзеяньнях па рэабілітацыі нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК).
Судзьдзя Вікторыя Палешчук прызначыла хлопцу 3 гады выхаваўчай калёніі.
24 ліпеня праваабаронцы прызналі Мікіту палітвязьнем.
Акрамя таго, у сьпіс унесьлі журналістку Ларысу Шчыракову, фігурантаў справы аб «нападзеньні» на амбасаду Беларусі ў Лёндане Вадзіма Багаўкова, Максіма Зуева, Сяргея Рабушку і Аляксандра Напрэенку, музыку Мікіту Найдзёнава.