Так, у Польшчы распрацавалі мэтад, якія дазваляе даведацца, ці рабіла жанчына мэдыкамэнтозны аборт. New York Times піша, што яго ўжо выкарыстоўвае пракуратура.
Раней можна было б ігнараваць той факт, што навука ня мае палітычных і геаграфічных межаў і што навуковыя здабыткі адной краіны могуць выкарыстоўвацца супраць жанчын дзе заўгодна яшчэ. Гэта было б недальнабачна, але можна было б сказаць «ну, гэта іншая краіна, у іх там свае правілы і ўяўленьні пра дабро і зло». Але гэтая катастрофа ўжо цяпер можа пагрукацца ў дзьверы тысяч беларускіх жанчын, вымушаных пераехаць у Польшчу пасьля 2020 году.
Пазьней яна, імаверна, зможа прыйсьці куды заўгодна – я ня маю ілюзіяў наконт таго, як хутка нават нібыта прагрэсіўныя краіны могуць прымаць законы, якія абцяжарваюць жыцьцё жанчынам. Бо пакуль для адных ЗША застаецца краінай мараў, для іншых гэта месца-катастрофа, у якім эмбрыён важнейшы за дарослую жанчыну. І ў пэўных штатах жанчыны масава выдаляюць з сваіх смартфонаў аплікацыі, з дапамогай якіх раней адсочвалі свой мэнструальны цыкль. Яны таксама ня маюць ілюзіяў наконт таго, наколькі далёка можа пайсьці дзяржава ў імкненьні кантраляваць жаночыя жыцьці і рашэньні.
А што казаць пра Беларусь, дзе афіцыйна вядзецца палітыка «часам не да законаў»! Яшчэ да яе абвяшчэньня жанчын сталі вымушаць праходзіць так званае перадабортнае кансультаваньне, мэтай якога было і ёсьць адгаварыць жанчыну ад перарываньня цяжарнасьці. А яшчэ ў Беларусі даўно ёсьць мінімум адзін горад без абортаў – у Лагойску ўсе мэдыкі з адпаведнай кваліфікацыяй адмаўляюцца рабіць гэтую працэдуру, а закон ім гэта дазваляе. Як вы думаеце, як хутка ў Беларусі пры наяўнасьці палітычнай волі могуць распрацаваць новы закон, паводле якога аборт будзе злачынствам?
І яго нават будуць (псэўда)навукова абгрунтоўваць, як цяпер у Польшчы кажуць, што мэдыкамэнтозны аборт у хатніх умовах небясьпечны для жанчыны. Людзі, якія гадамі дапамагаюць жанчынам з гэтымі мэдыкамэнтамі, не пагаджаюцца. Але ня тое каб да іх прыслухоўваліся.
Бо трэба разумець, што мэтодыка, якая дазваляе вызначыць, ці перарывала жанчына цяжарнасьць наўмысна, ня мае нічога супольнага з клопатам пра жанчын. Гэта толькі і выключна спосаб кантраляваць нашыя жыцьці яшчэ мацней.
І як жа прыкра назіраць, як і дзяржаўныя, і навуковыя рэсурсы выдаткоўваюцца на тое, каб пагоршыць нашыя жыцьці. Калі б тыя навукоўцы, што распрацавалі новы мэтад, сапраўды клапаціліся пра здароўе і дабрабыт жанчын, яны б лабіявалі скасаваньне забароны абортаў. Але не, яны прыдумалі новы спосаб, як нас кантраляваць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.