Пра гэта напісала ў сацсетках маці школьніка Кацярына Варажун, а выданьне «Наша ніва» разабралася, што гэта за падручнік і хто ягоныя аўтары.
«Гэта падручнік па біялёгіі за 6 клясу для школ зь беларускай мовай навучаньня! — напісала Кацярына і вылучыла няправільна напісаныя словы чырвоным.
На старонках падручніка адшукалася процьма памылак: «фарбуючы» замест «фарбавальны», «густ» замест «смак», «челавек» замест «чалавек», «прыгатаваць» замест «падрыхтаваць», «мелкія» замест «дробныя», «смоўжы» замест «смаўжы», «экскрыментамі» замест «экскрэмэнтамі», «дзінга» замест «дынга» і г. д.
У некаторых словах зьніклі літары і знакі (ін[ш]ы, Белару[с]ь), а ў іншых дадалі лішніх (шчаў’я).
Не засвоілі перакладчыкі і карэктары і правілаў яканьня і ётацыі ў беларускай мове: у адным сказе побач — «мядзьведзяняты і вавёрчаняты», хоць правільна «медзьведзяняты і ваверчаняты».
Памылка адшукалася нават на вокладцы падручніка: на ёй аўтар напісаны як Н. Д. Лісаў, але, паколькі ён Мікалай, то па-беларуску мусіла б быць М. Д. Лісаў.
Кніга выйшла ў 2021 годзе ў профільным выдавецтве «Народная асьвета». Падручнік для 6-й клясы напісаў біёляг, кандыдат біялягічных навук Мікалай Лісаў, які загадвае катэдрай батанікі і асноваў сельскай гаспадаркі БДПУ імя М. Танка. Але, як вядома, у Беларусі апошнім часам многія падручнікі спачатку пішуць па-расейску, а пасьля перакладаюць для школ, дзе яшчэ засталася беларуская мова навучаньня.
Як піша Media-Polesye, карэктараў падручніка двое — А. П. Тхір і Г. У. Алешка, перакладчыца — Тацяна Юдчыц, якая выкладае ў БДУ на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі.
Раней Тацяна Юдчыц, біёляг паводле адукацыі, была настаўніцай расейскамоўнай сярэдняй школы № 32 Менску. На парлямэнцкіх выбарах у 2016-м уваходзіла ў склад участковай камісіі. У 2018-м уладкавалася на СТБ — спэцыяльнай рэдактаркай выпускаў навіновага аддзелу службы інфармацыйнага вяшчаньня, а ў 2020-м звольнілася адтуль. З 2021-га да 2023-га была рэдактаркай выдавецтва «Народная асьвета».