Суд Цэнтральнага раёну Менску 12 верасьня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт Рады БНР, яе старонкі ў сацсетках і лягатып. Таксама «экстрэмісцкімі» прызналі ўзнагароды Рады БНР — мэдалі «Ордэн Пагоні», «За баявыя заслугі», мэдаль да 100-годзьдзя БНР, ордэн Жалезнага рыцара ды іх лічбавыя выявы.
Раней КДБ прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваньнем». Рашэньне датавалі ліпенем 2023 году.
Рады БНР адказала
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі тады ў адказ заявіла, што «прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэньні ў сьпіс „экстрэмісцкіх фармаваньняў“ з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу»:
«Гэтае рашэньне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якою зьяўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасьць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць сувэрэнныя правы беларускага народу‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР.
Рада БНР заяўляе, што аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995–1996 гг. і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзыдэнтам А. Лукашэнкам, зьяўляецца нелегітымным і ня мае права прамаўляць ад імя народу Беларусі».
Што такое Рада БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і станам на 2022 год застаецца самым старым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні». Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.