Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца, нобэлеўская ляўрэатка: Каханьне перамагае і робіць іх мацнейшымі
«Я часам чую, што нашая рэвалюцыя пацярпела паразу, не перамагла. Але я думаю — мо гэта і так, рэвалюцыя не перамагла — але героі рэвалюцыі ёсьць.
Я магу назваць дзясяткі імёнаў. І адно з самых прыгожых імёнаў, імёнаў прыгожага супраціву — як бы гэта ні было страшна, — гэта каханьне гэтых двух маладых людзей, якія шмат перажылі. Усё ж такі каханьне перамагае і робіць іх мацнейшымі.
Гэта тое, што дапамагае ім там выжыць, што прымушае нас усіх думаць пра тое, якім усё ж прыгожым бывае чалавек і як шмат ён можа. І гэта дае нейкую веру ў будучыню».
Робін Вагэнэр, дэпутат Бундэстагу Нямеччыны: Я хачу, каб вы ведалі, што вы маеце голас у Бэрліне, у Вільні, у Варшаве
«Дарагі Ігар,
Мне няпроста знайсьці правільныя словы ў такой сытуацыі — калі ўвогуле ёсьць „правільныя“ словы ў такіх сытуацыях.
Перш за ўсё, я хачу, каб вы ведалі, што мы бачым вас, нават калі вы за сьценамі.
Я хачу, каб вы ведалі, што мы чуем вас, нават калі вы ня можаце цяпер прамаўляць да нас. Я хачу, каб вы ведалі, што вы маеце голас у Бэрліне, у Вільні, у Варшаве і ў многіх іншых месцах сьвету. Мы на вашым баку і працягнем змагацца за вашае вызваленьне, пакуль вы зноў ня будзеце на волі. Я б хацеў скончыць словамі беларуса, які, як і вы, быў зьняволены безь віны. Ён напісаў гэта пасьля свайго вызваленьня ў 2015 годзе:
„Мы ўсё роўна будзем ісьці наперад, трымаючы за рукі ўсіх тых, хто ішоў па гэтым шляху да нас. Бо толькі ў гэтым жыцьцё, і сэнс, і праўда“.
З самымі цёплымі зычэньнямі,
Робін Вагэнэр».
Натальля Каляда, сузаснавальніца і арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатру: Нам усім трэба не спыняцца ні на сэкунду
«Усе асабістыя звароты заўсёды шалёна складаныя. І штораз перабіраеш у галаве кожнага чалавека, які знаходзіцца ў турме. І штораз у любой паездцы, у якой мы знаходзімся, мы гаворым пра гэтыя імёны.
Ведаючы, што Ігар і Даша ў поўным інкамунікада ўжо доўгі час, хацелася б паспрабаваць зрабіць, каб яны адчулі тую любоў, якая існуе па-за мурамі турмаў, якія дагэтуль утрымліваюцца гэтым рэжымам і ўсім гэтым рэпрэсіўным мэханізмам.
Трэба разумець, што людзі, якія ёсьць у Лёндане, у Сыднэі, у Вашынгтоне — у любым пункце сьвету, дзе мы выходзім на тэатральныя сцэны — гэтыя людзі ведаюць пра іх. Усе людзі там шлюць гэтую любоў.
Пытаньне, як гэта адчуць. Нам усім трэба не спыняцца ні на сэкунду, каб завяршыць гэты дыктатарскі рэжым раз і назаўсёды, каб можна было рэальна перадаць гэтую любоў. Бо тых фізычных абдымкаў, якія кожны можа перадаць, нішто ня зможа замяніць. Хачу, каб гэта адбылося. Я ведаю, што гэта будзе».
Аляксандар Лукашук, былы кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода (1990–2023): Хацеў бы вас запытаць пра мастацтва заставацца сабой
«Дарагі Ігар, нядаўна прачытаў, што вас называюць геніем беларускіх сацыяльных сетак. Калі паглядзець, сапраўды, вашыя рэкорды засталіся непераўзыдзенымі, і вы працягваеце ставіць новыя. У вас самы вялікі турэмны тэрмін у гісторыі журналістаў Радыё Свабода — найвялікшы ў гісторыі беларускай журналістыкі.
Так глядзяць на вас і ацэньваюць ворагі Свабоды. Але пры сустрэчы я хацеў бы вас запытаць не пра мастацтва весьці аўдыторыю за сабою, а пра мастацтва сабой заставацца. Гледзячы на абставіны ці нягледзячы на іх.
Мы ведаем пра ваша адчайнае змаганьне. Вы галадавалі, паранілі сябе, вам наклалі 10 швоў нядаўна, вам адмаўлялі ў спатканьнях, няма перапіскі. Даша ў турме. У вас няма адваката. Вы гледзіце на бірку з датай вызваленьня — дзьве тысячы трыццаць нейкі год. Ці жывяце вы, нягледзячы на яе?
Вам зараз пагражае перавод у крытую турму. На чым трымаецца вера ў свабоду, гледзячы на турму ці нягледзячы на яе? Ваш адказ вельмі важны для мяне, для вашых сяброў у Беларусі і тут у Вашынгтоне.
Наша сустрэча абавязкова адбудзецца, нягледзячы ні на што, бо мы глядзім на вас».
Рэжысэр Аляксей Палуян: І мне хочацца сказаць вам: „Дзякуй, што не пабаяліся“
«Дарагі Ігар,
Ня ведаю, ці атрымаў ты маю паштоўку, якую я пісаў табе паўтара года таму. Відаць, не. Бо, хутчэй за ўсё, табе не даходзяць лісты.
Мы ніколі ня бачыліся з табой раней, але нас шмат што зьвязвае. Мы з табой землякі — мы абодва нарадзіліся ў Баранавічах, нават жылі ў адным мікрараёне Паўночным, толькі на суседніх вуліцах — я на Жукава, а ты на Наканечнікава.
Ведаеш, магчыма, мы неяк бачыліся падчас нашага дзяцінства — магчыма, мы гулялі разам у футбол або сьвяткавалі Купальле ў нашым раёне.
Тры гады таму цябе арыштавалі. Шмат зьмянілася за гэтыя тры гады ў Баранавічах. Нашыя сябры зьехалі, пазьбягаючы перасьледу. Некаторыя нашыя сябры сядзяць за кратамі. А некаторыя зь іх зьехалі на вайну — дапамагаць украінскаму народу змагацца супраць расейскага імпэрыялізму.
„Ці існуе горад, калі там амаль не засталося жывых людзей?“ — запытаеш ты. Так, я з табой згодны — бадай, не. Замест гораду цяпер ёсьць толькі дэкарацыі. Але я веру, што пакуль існуюць людзі, якія могуць натхняць і даваць надзею, у наш горад магчыма вярнуць жыцьцё.
Дарагая Даша,
Мы таксама з табой незнаёмыя. Але твая сьмеласьць і бясстрашнасьць перад сыстэмай, якая хоча, каб жонкі палітвязьняў змоўклі, натхняла шмат людзей.
Вы не павінны быць за кратамі. Бо для мяне і для мільёнаў беларусаў вы — прыклад новага пакаленьня беларусаў, якога не спыніць, не заткнуць і тым больш не перамагчы.
Сёньня зьвяртаюся да вас праз гэтае відэа і вельмі спадзяюся, што вы ўжо бачыце гэтае відэа здаровыя, седзячы разам з вашай сямʼёй у Баранавічах і, вядома ж, трымаючы вашую цудоўную Паўлінку на руках.
І мне хочацца сказаць вам: „Дзякуй, што не пабаяліся“. Абдымаю вас,
Ваш зямляк Аляксей».
Джэймі Флай, прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода: Твая мужнасьць пад агромністым ціскам працягвае натхняць нас усіх
«Дарагі Ігар,
Твая мужнасьць пад агромністым ціскам працягвае натхняць нас усіх на Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Твае калегі на Свабодзе працягваюць сваю працу, нягледзячы на выклікі, і яны дасягаюць аўдыторыю ў Беларусі, якая прагне праўды як супрацьвагі той прапагандзе, якую яна атрымоўвае ад рэжыму Лукашэнкі.
Якімі б змрочнымі не падаваліся рэчы, гісторыя зноў і зноў паказвае нам, што свабода ўрэшце пераможа прыгнёт. Я ўпэўнены, што так будзе для Беларусі, і я ўпэўнены, што так будзе для цябе.
Дар’ю і Паўліну падтрымліваюць. Я ведаю, што немагчымасьць камунікаваць зь імі балючая, але я таксама ведаю, што вы ўрэшце ўзьяднаецеся.
Мы працягваем працаваць з усімі, з кім магчыма — з урадамі, з арганізацыямі і зь сябрамі вольнай Беларусі — каб дабіцца твайго вызваленьня. Мы не пакінем надзеі, і я спадзяюся, што ты таксама не пакінеш надзеі. Мы трымаем цябе, Дарʼю і Паўліну ў нашых думках і малітвах».
Мікалай Халезін, сузаснавальнік і арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатру: Мы ад першай хвіліны перажывалі і перажываем за вас і вашую сямʼю, як і за семʼі іншых палітвязьняў
«Ігар і Даша,
Напэўна, здаецца, што мы ўсе мала суперажываем, мала спачуваем, але насамрэч гэта ня так. Мы ад першай хвіліны перажывалі і перажываем за вас і вашую сямʼю, як і за семʼі іншых палітвязьняў.
Той стан, у які кожны арышт пагружае нас, вельмі цяжка перажываць. Адначасова вельмі складана змагацца, каб не зачарсьцьвець і працягваць рэагаваць гэтак жа хваравіта. Бо людзі прызвычайваюцца да ўсяго, у тым ліку да бедаў, катастрофаў і тэрору.
Але прызвычайвацца да гэтага нельга, бо як толькі ты прызвычайваесься, ты апускаеш рукі і пагаджаесься з тым, што гэта робіцца нормай. Але гэта ня норма. І мы ўсе павінны біцца да канца, каб і вы ўзьядналіся са сваім дзіцем, са сваімі бацькамі, і каб усе астатнія палітвязьні выйшлі на свабоду.
Гэта тое, што мы можам рабіць, і тое, што мы рабіць абавязаныя».
Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычных сілаў: Гэта рве сэрца і мне, і тысячам беларусаў
«Дарагі Ігар,
Я разумею, што ў цяперашніх умовах пытацца, як маесься, ня мае сэнсу. Ды і дзяжурнае „трымайся“ выкліча ў цябе толькі раздражненьне. Варта прызнаць: гэтыя злачынцы скралі ў цябе тры гады жыцьця — несправядліва, незаконна, абсалютна бессаромна.
Тры гады такія важныя для бацькі. Ты не пачуў першых словаў Паўлінкі, ня бачыў, як яна заводзіць першых у сваім жыцьці сяброў, як яна становіцца самастойнай.
Гэта рве сэрца і мне, і тысячам беларусаў. Аднак мы не здаёмся. І не здадзімся, пакуль ты не абдымеш Дашу і Паўлінку. Павер, мы прыкладаем максымум намаганьняў для таго, каб гэты дзень надышоў. Мы знойдзем тое, што спрацуе.
Ігар, я разумею, што часам апускаюцца рукі і няма сілаў трымацца. Але ты важны. Твая нястомная праца была і застаецца вельмі важнай для тваіх калегаў з Радыё Свабода. Твой погляд на жыцьцё і стойкасьць натхняюць многіх. І тое, зь якой цеплынёй і клопатам ты глядзіш на Дашу, нікога ня можа пакінуць абыякавым. Ну, а ад твайго гумару, ведаю, усьміхаліся нават тыя, хто вырашыў разлучыць цябе з роднымі.
Павер, калі здаецца, што ўсё страчана, адкрываюцца новыя магчымасьці. І гэтыя магчымасьці мы выкарыстоўваем і будзем выкарыстоўваць па поўнай — да перамогі, да таго самага моманту, калі сем’і, у тым ліку і мая ўласная, узьяднаюцца і мы ўсе зможам шчасьліва і свабодна гадаваць нашых дзяцей і кахаць нашых каханых — дома, у нашай краіне.
Маці дваіх дзетак Сьвятлана».
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.