Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскай выведцы заявілі, што да сярэдзіны верасьня вагнэраўцы зьедуць зь Беларусі ў Афрыку


Інструктары-вагнэраўцы на адным з палігонаў у Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Інструктары-вагнэраўцы на адным з палігонаў у Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Украінскі Цэнтар нацыянальнага супраціву паведаміў, што на палігоне «Валоўшчына» пад Менскам, дзе навучаюцца прадстаўнікі ўнутраных войскаў, узмацніўся канфлікт між інструктарамі з ПВК «Вагнэр» і прадстаўнікамі МУС Беларусі.

У Цэнтры нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з вайсковай выведкай і Сіламі спэцыяльных апэрацый Украіны, заявілі, што палітычнае кіраўніцтва Расеі вырашыла да сярэдзіны верасьня вывесьці большую частку вагнэраўцаў у Афрыку.

«Паводле плянаў, тэрарысты пакінуць Беларусь і выедуць у Нігер, Лібію, Судан, Малі, ЦАР і Мазамбік. Ва ўсіх гэтых краінах Крэмль мае свае каляніяльныя і геапалітычныя інтарэсы і падтрымлівае або хунту, або мяцежнікаў», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.

Паводле зьвестак цэнтру, меншая частка вагнэраўцаў застануцца інструктарамі па падрыхтоўцы спэцыяльных падразьдзелаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі «для супрацьдзеяньня магчымаму перавароту супраць Лукашэнкі або падпішуць кантракт зь Мінабароны Расеі на вайну супраць Украіны».

Цэнтар нацыянальнага супраціву таксама паведаміў, што на палігоне «Валоўшчына» пад Менскам, дзе навучаюцца прадстаўнікі ўнутраных войскаў, узмацніўся канфлікт між інструктарамі з ПВК «Вагнэр» і прадстаўнікамі МУС Беларусі.

Паводле зьвестак цэнтру, прычына канфлікту ў паходжаньні вагнэраўцаў: нібыта вайскоўцы спэцпадразьдзелаў МУС Беларусі адмаўляюцца працаваць з былымі зьняволенымі і злачынцамі, а «крывавы падыход да выкананьня заданьняў, якому вучаць беларусаў, палохае нават «сабак рэжыму».

У Цэнтры нацыянальнага супраціву дадалі, што ўжо каля 50 інструктараў-вагнэраўцаў выехалі зь Беларусі і падпісалі кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі, каб вярнуцца на вайну ва Ўкраіну, а больш за 1500 наймітаў за апошнія тры тыдні выехалі ў афрыканскія краіны.

Прысутнасьць вагнэраўцаў у Беларусі, штучны міграцыйны крызіс і павелічэньне кантрабанды сталі прычынай закрыцьця некалькіх памежных пунктаў у Літве і Польшчы.

18 жніўня Літва закрыла 2 з 6 памежных пераходаў зь Беларусьсю — «Шумск» (зь беларускага боку — «Лоша») і «Цьверач» («Відзы»).

28 жніўня па выніках сустрэчы кіраўнікоў міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла пра намер падрыхтаваць прапанову ўраду закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Лаварышкі» (зь беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).

На польска-беларускай мяжы з 10 лютага 2023 году адкрыты толькі адзін з шасьці пунктаў пропуску для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

30 жніўня намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік заявіў пра магчымасьць адкрыцьця пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы ў выпадку выкананьня канкрэтных умоваў — вываду вагнэраўцаў і спыненьня міграцыйнага патоку.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG