Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Якая матывацыя ў арміі РБ бараніць рэжым і як да закрыцьця межаў паставяцца «ябацькі»


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Мне страшна, што яшчэ трохі і ў Беларусі не застанецца сьвядомых людзей, адны «ябацькі». Хто тады будзе адбудоўваць краіну?

— Ідэйных «ябацек» не існуе ў прыродзе, бо няма ідэі. Яны сытуацыйныя — іх трымае ў сваіх абцугах дыктатар. Іх зусім ня большасьць у краіне.

«Бацька» жыве адным днём, і калі яго ня стане, у іх адкрыецца пэрспэктыва, і ў палітычным спэктры яны пачнуць вагацца, адбудзецца нацыянальнае замірэньне. Ніхто ня хоча жыць у канцлягеры, хіба што вартавыя.

Важна, што мы адзін народ, які паводле сьвядомасьці, адкрытасьці сьвету і кругагляду нашмат больш прасунуты, чым тое было ў 1937 годзе.

— У якой сфэры эканомікі магла б найболей разьвівацца ў будучыні вольная Беларусь?

— У сфэры высокіх тэхналёгіяў, дзе беларусы ўжо здабылі прызнаньне ўсяго сьвету. Ды і ў іншых сфэрах былі б посьпехі. Адно трэба мець на ўвазе, што вольнай зможа стаць толькі беларуская Беларусь.

Сёньняшняя эканамічная стагнацыя наўпрост вынікае з таго, што рэжым робіць краіну ўсё менш беларускай і ўсё больш расейскай. А ў складзе імпэрыі, як мы ведаем з гісторыі, Беларусь была адсталай ускраінай, дзе лідэрам у эканоміцы былі каноплі і вырабы зь іх, напрыклад, вытворчасьць канапляных вяровак.

— Як ставіцца да дзейнасьці вядомай даносчыцы, што ваюе зь Геніюш і кветкамі-валошкамі?

— Як да шкоды нацыянальным інтарэсам незалежнай Беларусі. Ня можа чалавек з расейскай ідэалягічнай «прашыўкай» патрабаваць чагосьці ад беларусаў і іх культуры. У нас розныя гістарычныя лёсы, культуры і мовы. Ларыса Геніюш — цэнтральная постаць беларушчыны, а пра валошку Максім Багдановіч казаў як пра чыстую красу нашай зямлі: навошта каласы, калі няма васількоў? Нічога дзіўнага, што расейцам гэта чужое, бо яно наша, а ня іхнае.

— 17 верасьня сьвята ці ня сьвята?

— Беларусь як разьядналі (1921), так і ўзьядналі (1939) без удзелу самой Беларусі. Адбылася расейска-савецкая даакупацыя — такое сабе «сьвята», прынамсі ня наша. Заходніх беларусаў з «хатняй хіміі» перавялі ў «калёнію ўзмоцненага рэжыму».

Важна, што пасьля вайны, калі вызначаліся контуры новага сьвету, наша краіна са стратамі, але атрымала свой контур менавіта як Беларусь. Нікому з мажнаўладцаў у галаву б не прыйшло дзяліць яе паміж СССР і сацыялістычнай Польшчай. Пра гэтую таямніцу, між іншым, расказвае новая кніга Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага».

— А як да закрыцьця межаў Беларусі паставяцца «ябацькі»?

— Яны таму і «ябацькі», што ўхваляюць тое, што ўхваляе іхны «бацька». Значыць, паставяцца адмоўна. І гэта адэкватная пазыцыя. Яна, дарэчы, цалкам супадае з пазыцыяй дэмакратычнага грамадзтва. То бок, тут ёсьць пункт судакрананьня дзьвюх частак народу, за якім варта бачыць магчымае паразуменьне і нагоду для дыялёгу, як пазытыўнага разьвязаньня крызісу. Ня стане «бацькі», і нам застанецца або вайна, або — размаўляць адны з аднымі. А для размовы неабходныя такія вось супадзеньні пазыцыяў: што да незалежнасьці, мірнага суіснаваньня, адкрытых межаў...

— Якая матывацыя ў арміі РБ бараніць рэжым?

— Калі гэта не матэрыяльная матывацыя, дык іншыя робяцца ўсё больш праблемнымі. Загінуць за што? За дзяржаву? Але рэжым разбурае дзяржаўныя інстытуты. За незалежнасьць? Але рэжым цалкам залежны ад Расеі. За народ? Але рэжым падзяліў народ на турмы, эміграцыю і «ябацек». За Беларусь? Але рэжым забараніў вокліч «Жыве Беларусь!» Як ні круці, кожная нематэрыяльная прычына матывуе вайскоўца не бараніць рэжым, а павярнуць зброю.

Сустракаю навіны пра пераклад кніг сучасных беларускіх аўтараў на эўрапейскія мовы і ні разу — на расейскую. Чаму?

— Імпульс ідзе ад перакладчыка ці ад мэнэджмэнту на кніжным рынку. Значыць, няма такіх імпульсаў. Прычына? Страта цікавасьці ў расейцаў да беларускай літаратуры і Беларусі, якая бачыцца ім несамастойнай краінай. Падобная сытуацыя была ў савецкія часы, толькі наадварот, — тады на Захадзе не цікавіліся літаратурай несамастойнай краіны. І вось усё перавярнулася, як у эканоміцы, бывае, мяняюцца рынкі збыту. Для беларускай літаратуры гэта добры знак — цікавасьць да яе з боку цывілізаванага сьвету.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG