Як паведамляе LRT са спасылкай на пракуратуру, дасудовае расьсьледаваньне па факце шпіянажу было пачатае ў канцы верасьня 2022-га, пасьля атрыманьня абгрунтаваных зьвестак пра тое, што Данелюс нібыта з пачатку 2022 году зьбіраў дадзеныя, якія цікавяць беларускую выведку.
Дасудовае расьсьледаваньне, распачатае ў супрацоўніцтве з Дэпартамэнтам дзяржбясьпекі, праводзілі супрацоўнікі Бюро крымінальнай паліцыі Літвы, сьледзтвам кіраваў пракурор аддзелу арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Віленскай акруговай пракуратуры.
Паводле вэрсіі сьледзтва, са студзеня 2022-га Данэлюс выконваў заданьні грамадзянкі Беларусі, якая супрацоўнічала зь беларускімі спэцслужбамі, зьбірала і перадавала цікавую для іх інфармацыю.
«Пад выглядам валянтэрскай дзейнасьці Данелюс кантактаваў зь дзейнымі ў Літве арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць дэмакратычную апазыцыю рэжыму Рэспублікі Беларусь, асобамі, якія пераехалі ў Літву пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году, каб каб пазьбегнуць арышту, пазбаўленьня волі або іншага судовага перасьледу», — цытуе LRT паведамленьне пракуратуры.
З матэрыялаў сьледзтва вынікае, што Данелюс наведваў памяшканьні беларускіх апазыцыйных арганізацый, удзельнічаў у мерапрыемствах, зьбіраў і перадаваў інфармацыю аб іх дзейнасьці, праектах, крыніцах фінансаваньня, асобах, якія ўваходзяць у арганізацый.
Паводле сьледзтва, грамадзянка Беларусі, якая супрацоўнічае зь беларускай выведкай і завэрбавала Данелюса, інструктавала яго аб мэтадах збору інфармацыі, якая цікавіць выведку замежнай дзяржавы, і тэхнічных сродках, якія будуць выкарыстоўвацца, а таксама мэтадах перадачы сабранай інфармацыі, патрабаваньнях бясьпекі ўзаемнай сувязі. Як піша LRT, вядзецца пра журналістку АТН, прапагандыстку Ксенію Лебедзеву.
Мантасу Данелюсу пагражае ад 6 да 15 гадоў турмы.
- Мантаса Данелюса падазраюць па тым артыкуле Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае адказнасьць асоб, «якія, выконваючы заданьне іншай дзяржавы або яе арганізацыі, выкралі, купілі ці іншым чынам сабралі або перадалі зьвесткі, што складаюць дзяржаўную таямніцу Літоўскай Рэспублікі ці іншыя зьвесткі, якія ўяўляюць цікавасьць для выведкі замежнай дзяржавы». Гэта караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў.
- Праваахоўныя органы падазраюць, што Мантас Данелюс укараніўся ў беларускія арганізацыі ў Літве і перадаваў інфармацыю пра іх беларускім спэцслужбам, у прыватнасьці КДБ.
- Прадстаўнікі дзейных беларускіх арганізацый у Літве паінфармавалі літоўскія праваахоўныя органы аб падазронай дзейнасьці Мантаса Данелюса.
- Дасудовае сьледзтва працягваецца, пракуратура яго не камэнтуе. Данелюс віны не прызнае, кажа, што зь беларускімі арганізацыямі меў зносіны па іх ініцыятыве.
- Грамадзяніна Літвы падазраюць ня толькі ў зборы і магчымай перадачы інфармацыі пра беларускія апазыцыйныя арганізацыі, якія дзейнічаюць у Літве, але і пра полк Каліноўскага ва Ўкраіне.