Літоўскі юрыст Мантас Данелюс зноў трапіў за краты на мінулым тыдні за тое, што парушыў умовы вызваленьня з-пад варты, рашэньне аб якім Віленскі суд вынес у пачатку лютага, паведамляе tv3.lt са спасылкай на BNS.
Гэтым разам Данелюса ўзялі пад варту да 5 красавіка, расказаў пракурор Гедрус Тарасевічус, які кантралюе ход сьледзтва.
Пасьля вызваленьня з-пад варты за Данелюсам устанавілі ўзмоцнены нагляд, загадаўшы насіць электронны бранзалет і канфіскаваўшы пашпарт. Таксама ён абавязваўся не выходзіць на сувязь і не шукаць кантактаў з удзельнікамі працэсу і іншымі асобамі, указанымі ў прадпісаньні. Аднак ён неаднаразова парушыў гэтыя ўмовы — у прыватнасьці, гаворка пра забарону мець зносіны з пэўнымі людзьмі, паведамляе выданьне. Таму пракурор зьвярнуўся ў суд з просьбай зноў узяць яго пад варту.
У публікацыі не сказана, з кім менавіта пасьпеў пагутарыць Данелюс, але пасьля свайго вызваленьня ён даў невялікае інтэрвію беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай.
Мантаса Данелюса затрымалі ў Літве 28 верасьня 2022 году на два месяцы. У канцы лістапада знаходжаньне пад вартай працягнулі. Данелюса падазраюць у зборы і перадачы інфармацыі спэцслужбам Беларусі, у прыватнасьці КДБ.
Як расказалі ў пракуратуры Вільні, больш за ўсё ён цікавіўся ўцекачамі зь Беларусі і Ўкраіны: прапаноўваў ім юрыдычную дапамогу, але папраўдзе зьбіраў інфармацыю аб фінансаваньні мясцовых беларускіх і ўкраінскіх арганізацый, а таксама спрабаваў перашкаджаць украінцам і беларусам, якія пражывалі ў Літве.