Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пішуць амэрыканскія, расейскія і паўночнакарэйскія СМІ пра сустрэчу кіраўнікоў Расеі і Паўночнай Карэі


Цырымонія разьвітаньня Кім Чэн Ына ў Пхэньняне перад ягоным візытам у Расею. 10 верасьня 2023
Цырымонія разьвітаньня Кім Чэн Ына ў Пхэньняне перад ягоным візытам у Расею. 10 верасьня 2023

У Крамлі пацьвердзілі сустрэчу толькі пасьля таго, як браняваны цягнік лідэра Паўночнай Карэі выправіўся ў дарогу.

Сустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і кіраўніка Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) Кім Чэн Ына стала адной з галоўных тэмаў сёньняшніх замежных сродкаў масавай інфармацыі.

Аналітыкі ўжо назвалі гэтую сустрэчу, якая адбудзецца на Далёкім Усходзе Расеі, значнай падзеяй, якая зблізіць найбольш ізаляваных у сьвеце двух кіраўнікоў.

Як праводзілі Кім Чэн Ына ў Пхэньняне

Дзяржаўнае агенцтва КНДР паведаміла аб візыце Кім Чэн Ына ў Расею толькі 12 верасьня.

Ягоны браняваны цягнік выправіўся з Пхэньяну 10 верасьня. Кім Чэн Ына суправаджаюць «галоўныя кадры партыі, ураду і сілавых ведамстваў».

Агенцтва KCNA так апісвае цырымонію ад’езду Кім Чэн Ына:

«Паважаны таварыш Кім Чэн Ын прывітаў кадраў партыі, ураду і сілавых ведамстваў. Кіроўныя кадры партыі, ураду і сілавых ведамстваў пажадалі паважанаму таварышу Кім Чэн Ыну моцнага здароўя і посьпехаў у замежным візыце. Паважаны таварыш Кім Чэн Ын, жадаючы жыхарам сталіцы і ўсяму народу краіны спакою і посьпехаў у працы, перадаў ім цёплае прывітаньне. Спэццягнік адправіўся з паважаным таварышам Кім Чэн Ынам пры гарачых провадах кіроўных кадраў партыі, ураду, сілавых ведамстваў і масаў».

Прыватны цягнік Кім Чэн Ына ў цяжкай броні прыбыў у Расею напярэдадні чаканага саміту з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, паведамілі ў аўторак дзяржаўныя СМІ на фоне папярэджаньняў Злучаных Штатаў, што палітыкі могуць заключыць угоду аб пастаўках зброі.

CNN: Расея паспрабуе дамовіцца аб пастаўках боепрыпасаў для вайны ва Ўкраіне

«Расеі адчайна патрэбныя сьвежыя пастаўкі боепрыпасаў і снарадаў пасьля больш як 18-месячнай вайны ва Ўкраіне, якая прывяла да стратаў у расейскай арміі, у той час як Паўночнай Карэі, якая сутыкнулася з гадамі міжнародных санкцый за сваю праграму ядзернай зброі, не хапае ўсяго, пачынаючы ад грашовых сродкаў і ежы да ракетнай тэхнікі», — паведаміла тэлекампанія CNN.

Экспэрты не выключаюць, што па выніках гэтай сустрэчы Пхэньян можа атрымаць тую зброю, за якую два дзесяцігодзьдзі таму супраць Паўночнай Карэі ўвяла санкцыі ААН.

Апошнія два гады Кім Чэн Ын шалёнымі тэмпамі разьвівае праграму стварэньня балістычных ракет, у межах якой ужо адбыліся выпрабаваньні дзясяткаў ракет, у тым ліку міжкантынэнтальных балістычных.

На мінулым тыдні ўрад ЗША заявіў, што кантакты Расеі з Паўночнай Карэяй аб зброі «актыўна прасоўваюцца», і далейшыя перамовы могуць адбыцца ў рамках высілкаў Расеі знайсьці новых пастаўшчыкоў зброі для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны.

У Міністэрстве абароны Паўднёвай Карэі таксама заявілі, што ўважліва сочаць за тым, ці будуць Паўночная Карэя і Расея працягваць перамовы аб пастаўках зброі і перадачы тэхналёгій.

З моманту прыходу да ўлады ў 2011 годзе Кім Чэн Ын толькі 10 разоў выяжджаў за мяжу. Апошні раз ён наведваў Расею ў красавіку 2019 году падчас паездкі ва Ўладзівасток, дзе ён упершыню сустрэўся з Пуціным на тле працяглага і нявырашанага крызісу вакол ядзернай праграмы Паўночнай Карэі і няўдалага дыялёгу паміж Пхэньянам і Вашынгтонам.

Тыдзень таму адміністрацыя ЗША папярэдзіла, што Паўночная Карэя «заплаціць высокую цану», калі заключыць з Расеяй пагадненьне аб пастаўках зброі, але не ўдакладніла магчымых наступстваў.

Расея: на перамовах будуць «далікатныя» тэмы

Расейскія СМІ са спасылкай на Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, 11 верасьня паведамілі, што прыярытэтам сустрэчы будуць двухбаковыя адносіны паміж краінамі, у тым ліку «адчувальныя тэмы», а ў гонар прыезду Кім Чэн Ына заплянавалі афіцыйны абед.

У той жа час Пяскоў не назваў дакладных ні часу сустрэчы, ні яе месца, а таксама не ўдакладніў, якія «далікатныя тэмы» мае на ўвазе.

Цяпер Уладзімір Пуцін знаходзіцца ва Ўладзівастоку, дзе бярэ ўдзел ва Ўсходнім эканамічным форуме. У сваёй прамове расейскі прэзыдэнт заявіў, што сёлета таваразварот Расеі з краінамі Азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёну павялічыўся на 18,3%.

Тэму сваёй сустрэчы з лідэрам КНДР расейскі прэзыдэнт у сваёй прамове не закранаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG