Новы міністар сельскай гаспадаркі заявіў, што Беларусь плянуе купіць за мяжой адзін мільён тон збожжа — для «падушкі бясьпекі».
Міністар сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ заявіў, што праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я Беларусь недаатрымае 1 мільён тон збожжа, якія давядзецца купляць за мяжой.
«Сапраўды, каравай будзе сьціплейшым, больш як на мільён тон, але стварыць „падушку бясьпекі“ усё ж такі неабходна», — сказаў Сяргей Барташ у эфіры тэлеканалу АНТ.
Паводле яго, Беларусь плянуе закупіць на замежным рынку, як даручыў Аляксандар Лукашэнка, каля мільёна тон збожжа. «Мы ня ведаем, якім будзе наступны год, таму гэтая „падушка бясьпекі“ мусіць быць заўсёды», — дадаў ён.
Згодна з паведамленьнем Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, на 28 жніўня ў Беларусі сабралі ўраджай з 95% пасяўных плошчаў. Усяго намалацілі 5,9 мільёна тон збожжавых і зернебабовых культур і каля 940 тысяч тон рапсу.
Да расейскага ваеннага ўварваньня Расеі, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, Беларусь купляла збожжа ва Ўкраіне.