Землятрус здарыўся ў гарах Высокі Атляс. Паводле Reuters, загінулі прынамсі 296 чалавек. Найбольш — у цяжкадаступных горных раёнах. Тэлебачаньне Марока дае новыя лічбы — найменей 632 загінулых і 329 параненых, піша AlArabia. Людзі застаюцца пад заваламі, ідуць ратаўнічыя працы.
Жыхары Маракеша, бліжэйшага да эпіцэнтра буйнога горада, заявілі, што ў старым горадзе, аб’екце Сусьветнай спадчыны UNESCO, абрынуліся будынкі. Мясцовая тэлевізія паказала здымкі паваленага мінарэта мячэці з абломкамі, якія ляжаць на разьбітых аўтамабілях.
Геафізычны цэнтар Марока паведаміў, што землятрус адбыўся ў раёне Ігхіл у Высокім Атлясе магнітудай 7,2. Геалягічная служба ЗША ацаніла магнітуду землятрусу ў 6,8.
Ігхіл — горны раён зь невялікімі фэрмэрскімі вёскамі. Знаходзіцца прыкладна ў 70 кілямэтрах на паўднёвы захад ад Маракеша. Землятрус стаў самым сьмяротным у Марока пасьля штуршка ў 2004 годзе каля Аль-Хасэймы ў паўночных гарах Рыф, у выніку якога загінулі больш за 600 чалавек.
Арганізацыя Абʼяднаных Нацый выказала гатоўнасьць дапамагчы ўраду Марока ратаваць пацярпелае насельніцтва.