Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь усьлед за Расеяй зьбіраецца прыпыніць дзеяньне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе, але часткова


На выставе ўзбраеньняў у Менску, архіўнае фота
На выставе ўзбраеньняў у Менску, архіўнае фота

Зрабіць гэта ўлады плянуюць толькі ў дачыненьні дзьвюх дзяржаў, а ня ўсіх удзельнікаў міжнароднага пагадненьня.

Беларусь хоча спыніць дзеяньне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе (ДЗУСЭ) адносна Польшчы і Чэхіі. Праект унесьлі ў Палату прадстаўнікоў.

Спачатку за ўхваленьне законапраекту мае прагаласаваць Палата прадстаўнікоў, затым Савет Рэспублікі, а потым праект можа падпісаць Аляксандар Лукашэнка.

Раней Міністэрства абароны Беларусі заяўляла, што Польшча нібыта парушае ДЗУСЭ, павялічваючы колькасьць вайскоўцаў і закупляючы новыя ўзбраеньні, але ў рэдакцыі Дамовы ад 1999 году, калі ў Стамбуле падпісалі Пагадненьне аб адаптацыі ДЗУСЭ, няма размовы пра колькасьць войскаў.

ДЗУСЭ падпісалі 19 лістапада 1990 году ў Парыжы.

У першапачатковым складзе краін-падпісантаў было 16 дзяржаў – краін NATO (Бэльгія, Вялікая Брытанія, Гішпанія, Грэцыя, Данія, ЗША, Ісьляндыя, Італія, Канада, Люксэмбург, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Турэччына і Францыя) і 6 дзяржаў-удзельніц Арганізацыі Варшаўскай дамовы (Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславаччына) — для кожнага блёку былі вызначаныя максымальныя ўзроўні ўзбраеньняў і тэхнікі.

Аднак наступіў распад СССР, падзел ЧССР на дзьве краіны, аб’ядналася Нямеччына, Арганізацыю Варшаўскай дамовы распусьцілі. У выніку ўдзельнікамі ДЗУСЭ сталі ўжо 30 дзяржаў. Празь некалькі гадоў частка былых чальцоў Варшаўскай дамовы ўступіла ў NATO.

Пасьля стамбульскай адаптацыі дамоўленасьцяў у 1999 годзе ўдзельнікі ўвялі ліміт на разьмяшчэньне на тэрыторыі сувэрэнных дзяржаў баявой тэхнікі іншых краін.

Беларусь ідзе па шляху перагляду Дамовы пасьля падобнага рашэньня Масквы. Яшчэ ў 2007 годзе кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін прыпыніў дзеяньне ДЗУСЭ, у 2015 Расея перастала ўдзельнічаць у пасяджэньнях сумеснай кансультатыўнай групы, а 29 траўня 2023 году канчаткова дэнансавала Дамову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG