Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кейт Бляншэт будзе мадэраваць панэльную дыскусію з «Свабодным тэатрам» аб уплыве вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі


Акторка Кэйт Бляншэт. Архіўнае фота
Акторка Кэйт Бляншэт. Архіўнае фота

Усе даходы ад падзеі, якая пройдзе 15 верасьня, пароўну разьмяркуюць паміж трыма арганізацыямі: Gen.Ukrainian, Беларускім цэнтрам салідарнасьці і «Свабодным тэатрам».

Сусьветна вядомая акторка Кейт Бланшэт далучылася да беларускага «Свабоднага тэатра» для панэльнай дыскусіі аб уплыве вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі, паведамляе выданьне Limelight Magazine.

Дыскусія пад назвай «Лісты надзеі» пройдзе ў лёнданскім «Барбакан-цэнтры» 15 верасьня, непасрэдна перад сусьветнай прэм’ерай апошняй пастаноўкі беларускага «Свабоднага тэатра» «Дзікае паляваньне караля Стаха».

Бланшэт зьяўляецца паслом добрай волі UNHCR, агенцтва ААН у справах уцекачоў, а таксама даўнім сябрам і прыхільнікам кампаніі. Яна далучаецца да запрошаных сьпікераў Аксаны Лебедзевай (Gen.Ukrainian), Хэлены Нядзьвецкай («Беларускі цэнтар салідарнасьці») і Натальлі Каляды (сузаснавальніцы і мастацкай кіраўніцы «Свабоднага тэатра»).

Усе даходы ад мерапрыемства пароўну разьмяркуюць паміж трыма арганізацыямі: Gen.Ukrainian, «Беларускім цэнтрам салідарнасьці» і «Свабодным тэатрам».

За апошнія 18 гадоў беларускі «Свабодны тэатар» паставіў больш за 50 спэктакляў, змагаючыся за ідэі дэмакратыі, правоў чалавека і творчых свабод.

У сакавіку сёлета кампанія зрабіла сваю пастаноўку «Сабак Эўропы» на фэстывалі ў Адэлаідзе. У аснове п’есы пакладзены адзначаны ўзнагародамі раман Альгерда Бахарэвіча, які забаранілі ў Беларусі.

Упершыню «Сабак Эўропы» сыгралі на падпольным паказе ў Менску ў 2019 годзе, а пасьля ў «Барбакане» ў 2022 годзе.

Дзеяньне адбываецца ў 2019 годзе, настаўнік даручае сваёй клясе закапаць капсулу часу. Затым дзея пераносіцца ў 2049 год, дзе Эўропа зноў падзеленая. Мы даведваемся, што Расея ўварвалася ва Ўкраіну і пасьля кароткай ядзернай вайны ўстанавіла новы райх.

Лёнданская прэм’ера супала з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну.

«Выгнаныя са сваёй радзімы, калі на парозе бушуе вайна, артысты беларускага „Свабоднага тэатра“ ведаюць, пра што гавораць. Выслухайце іх цяпер, пакуль ня стала занадта позна», — у аглядзе для выданьня Limelight напісала Янсан Антман.

Новая пастаноўка «Свабоднага тэатра» «Дзікае паляваньне караля Стаха» створана па матывах папулярнага рамана Ўладзімера Караткевіча. Натхнёны ўсходнеэўрапейскім фальклёрам, ён апавядае пра прывіднае паляваньне, пра вызваленьне маладой спадчыньніцы ад злога праклёну. У пастаноўцы мастацкіх кіраўнікоў тэатра Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды ўдзельнічаюць акторы, опэрныя сьпевакі і музыкі з Украіны і Беларусі, многія зь якіх зьяўляюцца палітычнымі ўцекачамі ад вайны або дыктатуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG