«Завяршылі варшаўскі рэпэтыцыйны сэт опэры „Дзікае паляваньне караля Стаха“. Дзякуючы падтрымцы Instytut Teatralny im. Zbigniewa Raszewskiego і Teatr Wielki — Opera Narodowa мы рэпэтавалі на галоўнай опэрнай сцэне Польшчы, за што вельмі ўдзячныя гэтым інстытуцыям і іх кіраўнікам, падобная дапамога ў нашых умовах неацэнная», — напісаў Мікалай Халезін у сваіх сацсетках.
Паводле Халезіна, на першым этапе ўдзельнікаў было каля паўсотні чалавек з шасьці краін сьвету, але калі пачнецца другі сэт у Лёндане, колькасьць людзей у групе вырасьце амаль удвая. Гэта самы маштабны праект у гісторыі Belarus Free Theatre і, адназначна, адзін з самых значных і сьмелых, зазначыў арт-дырэктар «Свабоднага тэатру».
«Вакалісты, акторы, мастакі, музыкі, кінагрупа, мэнэджары, прадусары — усё адпрацоўвалі на 100 працэнтаў, без адзінага канфлікту, што адбываецца дастаткова рэдка ў вялікіх групах, якія зьбіраюць такую колькасьць творцаў у адзіны арганізм. Усім за гэта вялізная падзяка, і ў нас застаецца тыдзень для таго, каб падрыхтавацца да лёнданскага сэту».
- У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.