Трэйлер новай вэрсіі «Дзікага паляваньня караля Стаха» зьмясьціў у сацсетках кіраўнік Belarus Free Theatre Мікалай Халезін. Таксама ён зьявіўся на сайце Barbiсan.
«Дзікае паляваньне караля Стаха» спалучае ў сабе опэру, драматычны тэатар, мультымэдыя і жывую музыку, каб расказаць гісторыю, якая заглыбляецца сваімі каранямі ў гісторыю Беларусі і надзвычай актуальная для сёньняшняй Эўропы, — гаворыцца на сайце Barbiсan.
Днямі «Свабодны тэатар» завершыў варшаўскі рэпэтыцыйны сэт «Дзікага паляваньня Караля Стаха» на галоўнай опэрнай сцэне Польшчы.
Паводле Халезіна, на першым этапе рэпэтыцыі ўдзельнікаў было каля паўсотні чалавек з шасьці краін сьвету, але калі пачнецца другі сэт у Лёндане, колькасьць людзей у групе вырасьце амаль удвая.
Гэта самы маштабны праект у гісторыі Belarus Free Theatre, адзначыў яго арт-дырэктар Мікалай Халезін.
Спэктакль будзе ісці на беларускай мове з ангельскімі субтытрамі.
- У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.