Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучэньняў «Захад» сёлета ня будзе, пацьвердзіў міністар абароны Расеі


Расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць» у 2022 годзе. Архіўнае фота
Расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць» у 2022 годзе. Архіўнае фота

Вайсковыя вучэньні «Захад» сёлета праводзіцца ня будуць, заявіў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу журналістам у Сочы. Сёньня ён там правёў перамовы з турэцкім калегам Яшарам Гюлерам.

Шайгу не патлумачыў прычынаў, чаму вучэньняў ня будзе. Аднак у канцы жніўня выведка Вялікай Брытаніі паведаміла, што Расея скасавала супольныя зь Беларусьсю вучэньні «Захад-2023» празь недахоп тэхнікі і войскаў.

«Расея, хутчэй за ўсё, скасавала вучэньні „Захад-2023“, якія плянаваліся як супольныя стратэгічныя вучэньні і найбольшае штогадовае мерапрыемства, якое павінна было стаць кульмінацыяй году ў падрыхтоўцы вайскоўцаў. Вучэньні меліся адбыцца ў верасьні 2023 году», — адзначалася ў паведамленьні брытанскай выведкі.

Летась 22 сьнежня начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі, першы намесьнік міністра абароны Валерый Герасімаў анансаваў на 2023 год супольныя зь Беларусьсю вайсковыя вучэньні — «Захад-2023» і «Шчыт Саюзу — 2023».

Расея ў канцы 2021 і пачатку 2022 году правяла супольныя зь Беларусьсю вучэньні «Саюзная рашучасьць», пасьля якіх 24 лютага 2022 году ўварвалася ва Ўкраіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG