Паводле яго, украінскае войска дасягнула «пэўных посьпехаў» у наступе на другую лінію расейскай абароны. Ён адзначыў, што Кіеў яшчэ «чакае цяжкая барацьба» на гэтым участку.
Украінскія ўлады заявілі 1 верасьня, што ўкраінскае войска прарвала першую лінію расейскай абароны ў некалькіх месцах, сутыкнуўшыся там зь яшчэ больш умацаванымі расейскімі пазыцыямі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Падчас наступу, анансаванага яшчэ на вясну, але распачатага ў пачатку лета, украінскай арміі пакуль не ўдалося аднавіць кантроль ні за адным буйным населеным пунктам.
На гэтым тыдні ў Кіеве крытыкавалі публікацыі ў заходняй прэсе, у якіх ананімныя крыніцы ў адміністрацыі ЗША заявілі пра «павольны прагрэс» у контранаступе. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што падтрымка з боку Захаду можа скараціцца без прыкметнага прасоўваньня ўкраінскіх войскаў.
Яшчэ раней, у канцы чэрвеня, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны ў інтэрвію газэце The Washington Post заявіў, што ўкраінскі наступ — «гэта ня шоў». «Кожны дзень, кожны мэтар» даецца ўкраінскаму войску крывёй, адзначыў ён. Тады Залужны заявіў, што намечаныя пляны контранаступу выконваюцца.
У апошнія тыдні з зоны баявых дзеяньняў прыходзіць усё больш абнадзейлівых для ўкраінцаў навінаў, — адзначае ў аналізе наступу журналіст расейскай службы Радыё Свабода Марк Крутаў. У расейскіх праваенных тэлеграм-каналах узмацняюцца панічныя настроі, зазначаецца ў матэрыяле. Міністэрства абароны Расеі сытуацыю традыцыйна апісвае ў бравурным тоне.