У Нобэлеўскім фондзе паведамілі, што імкнуцца прыцягнуць нават тых, хто не падзяляе каштоўнасьцяў Нобэлеўскай прэміі, паведамляе BBC.
У ліку запрошаных сёлета на мерапрыемства — пасол Ірану і лідэр антыіміграцыйнай партыі Швэдзкіх дэмакратаў Імі Окесан. Апошні заявіў, што занадта заняты, каб прысутнічаць.
Пяць з шасьці цырымоній уручэньня Нобэлеўскай прэміі штогод праходзяць у Стакгольме, а Нобэлеўская прэмія міру ўручаецца ў Осла.
Летась Нобэлеўскі фонд заявіў, што паслоў Расеі і Беларусі не запросяць з прычыны расейскай агрэсіі супраць Украіны. Сёлета арганізатары зьмянілі рашэньне.
Іран таксама не запрашалі летась. Тэгеран ужо даўно сутыкаецца з крытыкай за сваю сытуацыю з правамі чалавека. ААН заявіла, што ўрад гэтай краіны мог зьдзейсьніць злачынствы супраць чалавечнасьці, душачы пратэсты летась.
Выканаўчы дырэктар Нобэлеўскага фонду Відар Гэльґесэн так патлумачыў рашэньне зноў запрасіць тры гэтыя краіны:
«Відавочна, што сьвет усё больш дзеліцца на сфэры, дзе дыялёг паміж людзьмі з рознымі поглядамі звужаецца».
«Каб супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі, мы зараз пашыраем колькасьць нашых запрашэньняў, каб адзначыць і зразумець Нобэлеўскую прэмію, а таксама важнасьць свабоднай навукі, свабоднай культуры і свабодных, мірных таварыстваў».
Швэдзкі дэпутат Эўрапарлямэнту ад Лібэральнай партыі Карын Карлсбра абвінаваціла Фонд у стварэньні «небясьпечнага прэцэдэнту».
Паводле яе, Фонд «даў зялёнае сьвятло запрашэньню Расеі на гламурную вечарынку, у той час як ракеты падаюць на ўкраінскія культурныя цэнтры і забіваюць дзяцей».
Выступаючы перад грамадзкім радыё Швэцыі, яна назвала Расею, Беларусь і Іран «дзяржавамі-ізгоямі», якія «прыгнятаюць сваіх грамадзян, вядуць вайну і тэрор супраць уласнага народу і суседніх краін».
«Гэта краіны, якія ніякім чынам не падтрымліваюць дэмакратычных каштоўнасьцяў», — падкрэсьліла Карын Карлсбра.
«Я заклікаю Нобэлеўскі фонд і Нобэлеўскі камітэт не запрашаць прадстаўнікоў нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі ні на якія мерапрыемствы», — цытуе BPN допіс дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у Твітэры.
«Каштоўнасьці Альфрэда Нобэля не павінны быць скампрамэтаваныя», — падкрэсьліла Ціханоўская, заклікаўшы фонд і камітэт запатрабаваць неадкладнага вызваленьня ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году Алеся Бяляцкага.
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка заявіў, што прысутнасьць расейскага і беларускага амбасадараў толькі ўзмоцніць упэўненасьць гэтых дзяржаў у сваёй беспакаранасьці.
«Даводзіць каштоўнасьці гуманізму да Расеі і Беларусі — сызыфава праца. Намаганьні, якія не прывядуць да вынікаў. Найбольш імаверна, што ў той дзень, калі расейскі амбасадар будзе сядзець у добрым гарнітуры ў Стакгольмскім канцэрт-холе, расейская армія будзе чыніць чарговыя ваенныя злачынствы на акупаваных украінскіх тэрыторыях, а расейскія ракеты будуць зьнішчаць чарговыя жылыя кварталы ва ўкраінскіх гарадах», — заявіў Алег Нікаленка.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны заклікаў арганізацыйны камітэт Нобэлеўскай прэміі падтрымаць міжнародныя высілкі дзеля ізаляцыі Расеі і Беларусі, пакуль Расея працягвае вайну супраць Украіны.