Гэтае рашэньне, адзначыў Фолькер Цюрк у «Твітэры», зьяўляецца «яшчэ адной трывожнай прыкметай працягу падаўленьня грамадзянскай супольнасьці, сродкаў масавай інфармацыі і іншых незалежных галасоў».
«Група грамадзян зь ліку прадстаўнікоў «Праваабарончага цэнтру „Вясна“ была прызнаная „экстрэмісцкім фармаваньнем“ паводле рашэньня МУС ад 23 жніўня».
У пераліку на сайце МУС гаворыцца, што гэтыя грамадзяне нібыта вядуць «экстрэмісцкую дзейнасьць» «праз інтэрнэт-рэсурсы з аднайменнай назвай, у тым ліку рэгіянальных прадстаўніцтваў».
Таксама ў сьпіс унесьлі каля 30 рэсурсаў, зьвязаных з найбольш вядомым беларускім праваабарончым цэнтрам.
Адзначаецца, што такое рашэньне прынялі на падставе «арганізацыі дзейнасьці па падрыхтоўцы зьдзяйсьненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб».
За кратамі ў Беларусі застаюцца «вясноўцы» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк. Іх прызналі палітычнымі зьняволенымі. У Беларусі не засталося легальных незалежных праваабарончых арганізацый.
ЗША выступілі з асуджэньнем
Злучаныя Штаты Амэрыкі асудзілі прызнаньне ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» экстрэмісцкім фармаваньнем. Пра гэта напісаў у «Твітэры» афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер.
«Мы салідарныя з народам Беларусі і яго законнымі патрабаваньнямі аб прыцягненьні да адказнасьці і захаваньні правоў чалавека», — зазначыў ён.
Што важна ведаць пра «Вясну»
Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьявіўся ў 1996 годзе. Яго ўзначаліў праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі. Легальна цэнтар праіснаваў да 2003 году, калі за ўдзел у назіраньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году «Вясну» беспадстаўна пазбавілі рэгістрацыі, з таго часу яна працуе неафіцыйна. У 2004 годзе беларускую «Вясну» прынялі ў Міжнародную фэдэрацыю за правы чалавека (FIDH). У 2007 годзе Алесь Бяляцкі стаў віцэ-прэзыдэнтам FIDH — першым чалавекам з Усходняй Эўропы на гэтай пасадзе. Яго пераабіралі двойчы — у 2010 і 2013 гадах.
У сакавіку 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі калёніі. Суд таксама пакараў яго паплечнікаў: намесьніка старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнта FIDН Валянціна Стэфановіча — 9 гадамі, юрыста «Вясны» і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча — 7 гадамі пазбаўленьня волі. Праваабаронца «Вясны» Зьміцер Салаўёў быў асуджаны завочна на 8 гадоў пазбаўленьня волі, ён знаходзіцца за мяжой.
У 2022 годзе кіраўнік «Вясны», палітвязень Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Яго як кіраўніка праваабарончай арганізацыі ўзнагародзілі за «выбітныя намаганьні для дакумэнтаваньня ваенных злачынстваў, парушэньняў правоў чалавека і злоўжываньня ўладай».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.