Агулам Эўрапейская кінаакадэмія 30 жніўня назвала 14 дакумэнтальных карцін, якія будуць змагацца за штогадовую кінапрэмію.
Фільм «Радзіма» беларускіх дакумэнталістаў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі расказвае пра жыцьцё маладых людзей у Беларусі і пра тое, як яны спрабуюць выжыць ва ўмовах аўтарытарнага грамадзтва. У ім расказваецца гісторыя жанчыны па імені Сьвятлана, якая страціла сына — яго знайшлі мёртвым падчас службы ў войску, і групы маладых людзей, якіх таксама прызвалі ў войска. Таксама ў фільме паказваюцца пасьлявыбарныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе.
У наступныя тыдні 4600 чальцоў Эўрапейскай кінаакадэміі пачнуць глядзець выбраныя фільмы. Намінанты на прэмію яшчэ будуць дадавацца ў верасьні, а 7 лістапада па выніках галасаваньня сфармуюць сьпіс намінантаў на прыз за найлепшы эўрапейскі дакумэнтальны фільм. Потым чальцы кінаакадэміі прагаласуюць за пераможцу, якога аб’явяць на цырымоніі ўручэньня Эўрапейскай кінапрэміі ў Бэрліне 9 сьнежня 2023 году.
Раней фільм «Радзіма» ўжо атрымаў галоўную ўзнагароду DOX: AWARD на міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага кіно CPH:DOX 2023 у Капэнгагене, а таксама быў адзначаны прызам ад Міжнароднай фэдэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI на Міжнародным фэстывалі кіно Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы goEast у Вісбадэне.