Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўраджэнку Беларусі звольнілі з кіеўскага ВНУ і аддалі пад суд за апраўданьне агрэсіі Расеі


Кіеўскі палітэхнічны інстытут. Ілюстрацыйнае фота
Кіеўскі палітэхнічны інстытут. Ілюстрацыйнае фота

Абвінавачанай 62 гады, ёй пагражае пакараньне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, арышту на 6 месяцаў або пазбаўленьня волі на тэрмін да 3 гадоў.

Кіеўская гарадзкая пракуратура завяршыла расьсьледаваньне і перадала ў суд справу ўраджэнкі Беларусі, дацэнткі катэдры агульнай фізыкі і мадэляваньня фізычных працэсаў Інстытуту аэракасьмічных тэхналёгій Нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Ўкраіны «Кіеўскі палітэхнічны інстытут імя Ігара Сікорскага».

Справу супраць грамадзянкі Ўкраіны, якая нарадзілася ў вёсцы Новікі Крычаўскага раёну Магілёўскай вобласьці, завялі 2 сакавіка 2023 году паводле ч. 1 артыкулу 436-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («Апраўданьне расейскай агрэсіі супраць Украіны і праслаўленьне яе ўдзельнікаў»).

Абвінавачанай 62 гады, ёй пагражае пакараньне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, арышту на шэсьць месяцаў або пазбаўленьня волі на тэрмін да трох гадоў.

Паводле сьледзтва, дацэнтка ў часе сваёй лекцыі, якую праводзіла дыстанцыйна праз праграму Zoom, неаднаразова абвінаваціла прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў непадпісаньні менскіх дамоўленасьцяў, што стала прычынай расейска-ўкраінскай вайны. Апроч таго, выкладчыца сьцьвярджала, што Ўкраіна рыхтавалася да нападу на Расею.

Запіс лекцыі зрабіў адзін са студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў дыстанцыйнай лекцыі абвінавачанай. Згодна з запісам, выкладчыца інстытуту таксама абвінавачвала ўкраінскае войска ў абстрэлах Данбасу і падтрымлівала анэксію гэтага ўкраінскага рэгіёну Расеяй.

Сьледчыя ініцыявалі правядзеньне комплекснай псыхоляга-лінгвістычнай экспэртызы відэазапісу лекцыі, якая вызначыла наяўнасьць у яе выказваньнях апраўданьня агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Цяпер выкладчыцу ўжо звольнілі з Кіеўскага палітэхнічнага інстытуту, а суд выбраў для яе начны хатні арышт да 15 кастрычніка 2023 году. Цяпер яе справу перадалі ў суд, які мусіць прызначыць дату яе разгляду па сутнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG