Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рызыкаваць Лукашэнка ўжо ня хоча» — сацыёляг Коршунаў прааналізаваў дынаміку патокаў нелегальных мігрантаў


Польска-беларуская мяжа
Польска-беларуская мяжа

Сацыёляг Генадзь Коршунаў апублікаваў на сайце Цэнтру новых ідэяў артыкул пра праблему мігрантаў і пазыцыю Аляксандра Лкашэнкі.

Прапануем пераклад публікацыі ў скароце.

Дынаміка міграцыйнага крызісу — і ступень напружаньня на межах, і асноўныя напрамкі ціску — калі не наўпрост, то шмат у чым залежыць ад хваляваньняў і клопатаў беларускага рэжыму.

Адбыўся амаль двухразовы рост колькасьці атак мігрантамі на беларуска-польскую мяжу пасьля таго як Польшча закрыла памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца (што было адказам на палітычна матываваны прысуд актывісту польскай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту).

Такім чынам, калі памятаць тэзу аб кіравальнасьці міграцыйнымі патокамі ў прыватнасьці і міграцыйным крызісам у цэлым, то лічбы па дынаміцы спробаў перасячэньня беларуска-эўрапейскіх межаў становяцца больш інфарматыўнымі.

Па іх, напрыклад, бачна, што рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму вельмі не хоча турбаваць афіцыйную Вільню. У свой час Літва перасьцерагалася, што беларускі рэжым зноў разыграе мігранцкую карту падчас саміту NATO у ліпені сёлета. Гэтага не адбылося. У той час на працягу 8 дзён (да, падчас і пасьля) правядзеньня саміту літоўскія памежнікі не зафіксавалі ніводнай спробы нелегальнага перасячэння іх межаў з беларускага боку. За кошт гэтага статыстыка і па тыдні саміту, і па папярэдняй, былі аднымі з самых спакойных для Літвы.

Іншая сытуацыя складваецца на беларуска-польскай мяжы. Тут лета прынесла не толькі ўзмацненьне турботы наконт ваенных пагроз з беларускай тэрыторыі, але і абнаўленьне рэкордаў па колькасьці спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Першы пік прыпаў на чэрвень, калі на працягу двух тыдняў запар перакрываліся плянкі, максымальныя для апошніх паўтара гадоў. Потым, як і ў выпадку з Літвой, адбылося двухтыднёвае зьніжэньне напружаньня падчас саміту Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Вільні.

А вось у апошні тыдзень ліпеня на мяжы пачалася эскаляцыя: практычна кожны дзень адзначалася больш за 100 спроб перасячэньня мяжы. Прычым, 27 і 29 ліпеня такіх спробаў было больш за 200 (292 спробы 27 ліпеня — гэта найбольшая колькасьць такіх спробаў з лістапада 2021 года.

Гэты практычна выбух нападаў наклаўся на інфармацыю аб тым, што вагнэраўцы нібыта ідуць на Сувалкскі калідор. Таму нядзіўна, што тады ўлады Польшчы і Літвы зрабілі заяву аб магчымасьці поўнай ізаляцыі Беларусі ў выпадку сур’ёзнай правакацыі з боку вагнэраўцаў.

Таксама заканамерна, што гэтую заяву падтрымалі і ўлады Латвіі. З аднаго боку, вядома, з меркаваньняў балтыйскай салідарнасьці. Зь іншага боку — з-за жаданьня забясьпечыць сваю бясьпеку. Дадзеныя статыстыкі паказваюць, што пасьля саміту NATO колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы патроху, але расьце кожны тыдзень.

Ну і сваю долю напружаньня на ўсіх межах Беларусі з краінамі ЭЗ прыўнёс інцыдэнт з залётам на польскую тэрыторыю двух беларускіх верталётаў. Нам думаецца, што гэта або сапраўды выпадковасьць, або беларускі бок недаацаніў наступствы такога «хуліганства» і здаў назад.

Прынамсі, на такія думкі наводзіць аналіз далейшай дынамікі міграцыйных нападаў на межах з Польшчай — пасьля 1 жніўня агульныя тыднёвыя лічбы па спробах парушэньня межаў няўхільна зьніжаюцца.

Імаверна, арганізатары мігранцкага крызісу разумеюць рашучасьць і настрой сваіх апанэнтаў. І па зьніжэньні колькасьці атак мігрантамі на межы ЭЗ бачна, што рызыкаваць Лукашэнка ўжо неяк не вельмі хоча. Ды і яго выступ 11 жніўня з народнай мудрасьцю аб тым, што з суседзямі трэба сябраваць, таму што яны, маўляў, «ад бога!» — у тым самым рэчышчы.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG