Савет Міністраў Беларусі ўхваліў пастанову аб спыненьні дзеянья пагадненьня з Украінай аб супрацоўніцтве ў галіне моладзевай палітыкі, падпісанага ў Кіеве 14 сьнежня 1995 году.
Адпаведную пастанову апублікавалі на прававым партале Беларусі 24 жніўня.
Украіна спыніла дзеяньне гэтага пагадненьня сёлета 5 красавіка.
Украіна ўжо выйшла або спыніла дзеяньне больш як 30 міжнародных пагадненьняў і ўгодаў зь Беларусьсю. Паводле ацэнак украінскага боку, пакуль яшчэ застаюцца дзейнымі каля 100 міжнародных дакумэнтаў, падпісаных на дзяржаўным, урадавым і галіновым узроўнях паміж Украінай і Беларусьсю, каля 300 — з Расеяй і амаль 200 — у межах СНД.
Парлямэнцкі камітэт у замежных справах заклікаў урад Украіны падрыхтаваць іх пералік для далейшага спыненьня дзеяньня і выхаду зь іх Украіны.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.