Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі будуць наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі? Тлумачыць палітоляг Аляксандар Марозаў


Яўгеній Прыгожын і Аляксандар Лукашэнка. Фотакаляж
Яўгеній Прыгожын і Аляксандар Лукашэнка. Фотакаляж

23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці. Пра магчымыя наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі ў інтэрвію Свабодзе разважае палітычны аналітык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандар Марозаў.

— Гібель Прыгожына і шэрагу іншых кіраўнікоў «Вагнэра» — гэта вельмі маштабная падзея. Ён загінуў у Расеі, а ня ў Афрыцы. Наступствы гэтага будуць велізарныя для расейскай унутранай палітыкі. Гэта тлустая кропка ва ўсім Z-руху, адным з франтмэнаў якога ён быў. Зараз зусім незразумела, што будзе зь ягоным бізнэсам, які як бы быў яму пакінуты Пуціным. Гэта мае істотнае значэньне і для Беларусі.

Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў

«Вагнэр» пасьля мяцяжу павінен быў адыгрываць пэўную ролю ў стварэньні пагрозы зь Беларусі для Польшчы і Літвы. Здаецца, што зараз тое, што называлася вагнэраўцамі, канчаткова перастае існаваць. Для Аляксандра Лукашэнкі такая гібель Прыгожына стане навіной, якая яго палохае. Яна паказвае, наколькі далёка можа зайсьці Крэмль у адносінах са сваімі паплечнікамі.

— Некаторыя камэнтатары прыгадваюць гарантыі бясьпекі, якія Лукашэнка ў дні мяцяжу даваў Прыгожыну. Зь іншага боку, ён даваў гарантыі ў Беларусі — заставайся Прыгожын у вёсцы Цэль Магілёўскай вобласьці, мо цэлым і застаўся б і цэльлю ня стаў бы.

— Калі Лукашэнка казаў пра гарантыі, ён шмат чаго нагаварыў. У тым ліку і маларэалістычнага. Але ён падаваў гэта як абавязаньні, узгодненыя з Пуціным. Пасьля мяцяжу Лукашэнка ствараў вобраз надзвычай блізкіх адносінаў з Пуціным. Лукашэнка падаваў сябе як асобу, якая вырашае лёс пэрсанажаў крамлёўскай палітыкі. Ён лічыў, што разьмяшчэньне «Вагнэра» ў Беларусі — гэта паслуга Пуціну. Цяпер частка гэтай угоды — Прыгожын — проста перастала існаваць. Паглядзім, якая будзе афіцыйная вэрсія гэтай гібелі з боку Крамля. Застаецца імавернасьць, што гэта была пасьпяховая спэцапэрацыя ўкраінскіх спэцслужбаў.

— Украінскіх? А не расейскіх?

— Шэф украінскай вайсковай выведкі Буданаў абяцаў сюрпрыз на Дзень Незалежнасьці Ўкраіны. І ён патлумачыў, што атакі дронаў у Маскве і Крыме — гэта яшчэ ня ўсё. Я не выключаю, што заўтра мы даведаемся, што каманда таго СПА, якое зьбіла самалёт, ужо перасекла расейска-ўкраінскую мяжу. І гэта расейскія вайскоўцы, але ў Расеі ўсё стала купляцца і прадавацца.

— Падчас мяцяжу і пасьля яго Лукашэнка прадстаўляў сябе мэдыятарам, мудрым малодшым братам, які мірыць дурнаватых старэйшых. Крэмль казаў пра мяцеж, афіцыйны Менск — пра смуту, у якой як бы вінаватыя ўсе і ніхто. І потым ён падаваў сябе як асобу, якая ўратавала расейскі народ. А цяпер, пасьля гібелі ў Цьвярской вобласьці — як той казаў, вы будзеце сьмяяцца, але Прыгожын ізноў усяго толькі мяцежнік, бунтаўнік. І Лукашэнка са сваім мэдыятарствам аказваецца ў крыху няёмкай сытуацыі. Ці ня так?

— Так. Гэта вельмі моцны ўдар па Лукашэнку. Яму здавалася, што ён усё ўзгадніў з Пуціным. Цяпер яму давядзецца мацаць глебу пад сабой. Сама форма гэтага замаху — яна экстраардынарная.

— Чаму? Яна ў пэўнай ступені сымэтрычная. Калі вагнэраўцы ішлі на Маскву, яны зьбілі некалькі самалётаў і верталётаў расейскай арміі.

— Безумоўна, нехта так гэта і прачытае. Але гэта будзе сьведчыць пра тое, што Крэмль дзейнічае ва ўмовах поўнай адсутнасьці дзяржавы. Але і гэта кепская навіна для Лукашэнкі. Бо гэта будзе азначаць, што Крэмль вярнуўся да нораваў часоў чачэнскай вайны, калі ўсё дапушчальна.

— А вось пра «Вагнэр» у Беларусі і пра яго фінансаваньне. Пуцін сам расказаў, што ладная частка фінансаваньня гэтай ПВК ішла зь бюджэту РФ. Але нешта ж, напэўна, укладаў і сам Прыгожын. Цяпер вагнэраўцам у Беларусі хто будзе плаціць? Мінабароны РФ, крамлёўскія алігархі, умоўныя Цімчанка ці Ротэнбэрг? Ці іх перададуць у іншыя расейскія ПВК, «Вагнэр» — далёка не адзіная?

— Мой прагноз — што ПВК «Вагнэр» будуць усё далей расфармоўваць, разьмяркоўваць па розных іншых падразьдзяленьнях. Вагнэраўцы ў Беларусі ня будуць перададзеныя на ўтрыманьне нейкаму крамлёўскаму алігарху. Іх перададуць Мінабароны РФ, і ім давядзецца пагадзіцца на ніжэйшыя заробкі. Яны і так цяпер зарабляюць менш, чым зараблялі на фронце ва Ўкраіне ці ў Афрыцы. І я думаю, што праз пэўны час іх зноў перакінуць на фронт ва Ўкраіну. Яны могуць наўпрост падпісаць кантракт зь Мінабароны, могуць і зь любой з 20 ПВК і «добраахвотніцкіх» фармаваньняў, пра якія казаў расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу. Пуціну вагнэраўцы на тэрыторыі Беларусі ня надта і патрэбныя, калі пытаньне з самім Прыгожыным ужо вырашанае.

— Паводле афіцыйнай вэрсіі, «Вагнэр» у Беларусі — гэта была частка ўгоды, каб прадухіліць іх рэйд на Маскву. Як казаў Прыгожын — іншая юрысдыкцыя. Калі гэта так, то цяпер угода рассыпалася, няма яе контрагента. Ці было так — іх завялі ў Беларусь, а потым сталі думаць — а як бы іх там скарыстаць? Мо націснуць на Польшчу ці Літву? Тады сьмерць Прыгожына на гэтыя пляны не паўплывае. Калюмб плыў на захад, каб адкрыць шлях у Індыю. Не адкрыў, але адкрыў Амэрыку. З «Вагнэрам» у Беларусі гэтак жа?

— Існавала часовая ўгода, накіраваная на ўратаваньне рэпутацыі і Прыгожына, і расейскіх Генштабу і Мінабароны. Таму і трэба было вывесьці іх з расейскай юрысдыкцыі. Лукашэнка ў гэтым падтрымаў Пуціна. Сэнсам гэтай угоды не было пагражаць Польшчы ці Літве. Усе адэкватна ацэньвалі, што такая колькасьць вагнэраўцаў, якая прыбыла ў Беларусь, недастатковая для любога сур’ёзнага наступу. Пра гэта казала і вайсковае кіраўніцтва Ўкраіны. Кіраўніцтва Польшчы і Літвы на іх зьяўленьне ў Беларусі рэагавала рэзка. Але калі б Крэмль вырашыў усурʼёз ісьці на абвастрэньне адносінаў з Польшчай, з NATO, то тады ў Беларусь будуць уводзіцца іншыя войскі — рэгулярныя дэсантныя дывізіі, цяжкое ўзбраеньне. Дробныя правакацыі маглі б зладзіць і вагнэраўцы. Але Лукашэнка падкрэсьліваў, што ён не дапусьціць такога.

Мая думка, што вагнэраўцы апынуліся ў Беларусі дзякуючы кароткатэрміновай тактычнай патрэбе. І цяпер іх разьбяруць на часткі і вернуць туды, дзе ідуць баі. Іншая справа, калі будзе прынятае рашэньне, што Беларусь павінна стаць «другім фронтам». Тады прыдадуцца і тыя лягеры, створаныя для разьмяшчэньня вагнэраўцаў. Але ня зараз.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG