У відэазвароце, апублікаваным прэс-службай АПК, палітык паведаміў, што разам зь ім ва ўкраінскую сталіцу едуць кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
Кавалеўскі зазначыў, што дэлегацыя суправаджае гуманітарны груз для беларускіх добраахвотнікаў, набыты з дапамогай «беларускага прыватнага донара».
«У час паездкі заплянаваны сустрэчы ў Вярхоўнай Радзе, — сказаў прадстаўнік АПК. — Будзе панэльная дыскусія з дэпутатамі, а таксама прадстаўнікамі некаторых эўрапейскіх парлямэнтаў, дзе мы абмяркуем праблематыку беларуска-ўкраінскіх адносін, пэрспэктывы іх далейшага разьвіцьця».
Паводле палітыка, таксама рыхтуецца «праграма сустрэч з дыпляматычным корпусам, які працуе ў Кіеве, а таксама некаторымі афіцыйнымі асобамі».
Прэс-служба АПК паведамляе, што дэлегацыя падчас візыту ва Ўкраіну сустрэнецца зь беларускай дыяспарай у Львове.