Як паведамляе «Вясна», працэс у Менскім гарадзкім судзе Арцёма Лябедзькі, сына апазыцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі, узначальвае судзьдзя Яўген Пісарэвіч.
Палітвязьня вінавацяць паводле арт. 361-2 («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»). Яго затрымалі сёлета 28 сакавіка.
На пытаньне аб прызнаньні віны Арцём Лябедзька сказаў, што яму не зразумелая сутнасьць выстаўленых абвінавачаньняў, піша «Белта».
Згодна з матэрыяламі справы, Лябедзька перавёў грошы ў тры неназваныя арганізацыі, пасьля прызнаныя «экстрэмісцкімі». Таксама ён пераводзіў грошы праз Facebook.
Арцём Лябедзька на судзе віну не прызнаў.
Ціханоўская аб працэсе Лябедзькі: Гэты ганебны акт несправядлівасьці не зломіць нашу волю да барацьбы
Усе людзі на эміграцыі, якія працуюць дзеля вызвалення Беларусі, ведаюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі помсьціць ім, перасьледуючы членаў іх сем’яў, адзначыла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
«Сёньня пачаўся суд над Арцёмам Лябедзькам, сынам майго прадстаўніка па канстытуцыйнай рэформе. Гэты ганебны акт несправядлівасьці не зломіць нашу волю да барацьбы», — напісала палітык у Twitter.
Спачатку Арцёма Лябедзьку зьмясьцілі на 15 дзён у турму на Акрэсьціна. Аднак пасьля яшчэ аднаго такога ж тэрміну Лябедзьку-малодшага на волю ня выпусьцілі, а перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Неўзабаве стала вядома, што Арцёма абвінавачваюць у фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці за данаты, яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.
Арцёму Лябедзьку 37 гадоў, у яго падрастае чатырохгадовая дачка Паліна. Арцём зь сям’ёй жыў у Менску, працаваў у прыватнай фірме, палітыкай не займаўся. Пра сябе казаў, што за мяжу не зьбіраецца і «хоча жыць на роднай зямлі». Беларускія праваабаронцы прызналі Арцёма Лябедзьку палітзьняволеным.
Маці Арцёма Лябедзькі Сьвятлана расказвала журналістам, што лісты ад яго з «Валадаркі» прыходзяць, «але там нічога такога, што тычыцца самой справы».