Горадзенскі абласны суд 9 жніўня вынес прысуд слесару-сантэхніку са Скідзеля Міхаілу Мякеку, якога абвінавацілі паводле шэрагу пратэставых артыкулаў, паведамляе «Вясна».
Знаходзячыся ў Польшчы, як сьцьвярджае абвінавачаньне, Міхаіл Мякека ў 2020 годзе «разьмяшчаў паведамленьні, відэазапісы і публікацыі, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці і варожасьці ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак у дэструктыўных Telegram-каналах, у тым ліку і ЧКБ».
Суд прызначыў Мякеку па сукупнасьці абвінавачаньняў (ч. 1 і ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 342, ч. 2 арт. 366, ч. 2 арт. 367 КК) 6 гадоў калёніі узмоцненага рэжыму.