Паводле не да канца праверанай інфармацыі, у Бярозаўцы (Лідзкі раён Горадзенскай вобласьці) затрымалі дзевяць чалавек, паведаміў BPN бярозаўскі актывіст Андрэй Ашурак, які цяпер знаходзіцца за мяжой.
З спасылкай на свае крыніцы ён адзначыў, што зь нядзелі, 13 жніўня, затрымалі шэсьць чалавек, ня ўсе імёны вядомыя. Таксама пакуль ня высьветлены абставіны і падставы затрыманьня.
Акрамя таго, на мінулым тыдні затрымалі траіх супрацоўнікаў мясцовага шклозаводу «Нёман».
«На мінулым тыдні на завод ідэолягам прызначылі кадэбэшніка, не мясцовага, ён перабірае справы работнікаў», — адзначыў актывіст.
Андрэй Ашурак лічыць, што гэта робіцца для застрашваньня людзей, «каб людзі ня толькі не супраціўляліся, а нават не падумалі пра супраціў».
Суразмоўца BPN — брат мясцовага актывіста Вітольда Ашурка, які ў студзені 2021 году быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі, а ў траўні таго ж года памёр пры невысьветленых абставінах у шклоўскай калёніі.