Камітэт Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў эканамічнай палітыцы зьвярнуўся да Нацыянальнага банку з ініцыятывай дазволіць украінскім кампаніям, у якіх на рахунках заблякаваныя расейскія і беларускія рублі, абмяняць іх на вайсковыя аблігацыі і такім чынам выкарыстаць іх на дапамогу Ўзброеным сілам Украіны.
«Аб’ём грошай у рублях на рахунках юрыдычных асобаў эквівалентны амаль 57 мільёнам даляраў. Гэта законна заробленыя грошы бізнэсу і прамысловасьці, аднак яны заблякаваныя праз забарону Нацбанку ажыцьцяўляць валютныя апэрацыі з рублямі», — сказаў прадстаўнік парлямэнцкага камітэту Муса Магамедаў.
Паводле дэпутата, «рублі застаюцца балястам» для ўкраінскіх кампаній, якія ня маюць магчымасьці пазбавіцца грошай з рублёвых рахункаў. «Забарону ўвялі безь пераходнага пэрыяду і мэханізму рэалізацыі, і яна прывяла да нэгатыўных наступстваў для эканомікі», — мяркуе ён.
Муса Магамедаў паведаміў, што ў звароце да Нацбанку Ўкраіны прапануецца дазволіць аднаразовую апэрацыю па абмене рублёў на вайсковыя аблігацыі.
«На заблякаваныя сродкі мы зможам набыць 22800 дронаў Mavic ці больш як 2700 бесьпілётных комплексаў „Валькірыя“», — падкрэсьліў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
Нацыянальны банк Украіны сваім рашэньнем ад 24 лютага 2022 году загадаў украінскім банкам заблякаваць рахункі фізычных і юрыдычных асобаў Беларусі і Расеі праз расейскае ваеннае ўварваньне. Апроч таго, Нацбанк Украіны забараніў ажыцьцяўляць разьлікі ў расейскіх і беларускіх рублях.
Сёлета ў траўні Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў распараджэньне, паводле якога забарона на ажыцьцяўленьне разьліковых апэрацый украінскіх кампаній з прадпрыемствамі, якія працуюць паводле законаў Расеі і Беларусі, будзе дзейнічаць цягам усяго ваеннага становішча і яшчэ 90 дзён з моманту яго спыненьня або скасаваньня.