Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску фіксуюць рэкордны попыт на кватэры за апошнія 10 гадоў


У ліпені 2023 году ў Менску правялі рэкордную колькасьць угодаў куплі-продажу кватэр за ўсю гісторыю назіраньняў, паведамляе Realt (у графіку праекту прыводзяцца параўнальныя лічбы за 2023 і 2022 гады, а таксама сярэднія лічбы за апошнія 10 гадоў).

Пасьля рэкорднага чэрвеня ў ліпені попыт на кватэры зьнізіўся на 12% (паводле папярэдніх зьвестак Нацыянальнага кадастравага агенцтва, за месяц правялі 1 575 угодаў куплі-продажу кватэр), але ён па-ранейшаму максымальны для справаздачнага месяца за ўсю гісторыю назіраньняў, піша Realt.

Статыстыка попыту на кватэры ў Менску, складзеная Realt.by
Статыстыка попыту на кватэры ў Менску, складзеная Realt.by

Экспэрты праекту адзначаюць, што зьвесткі па колькасьці прададзеных кватэр яшчэ абновяцца ў бок павышэньня. Цікава, што звычайна за кошт сэзону адпачынкаў у сярэдзіне лета, як правіла, зьніжаецца актыўнасьць пакупнікоў жыльля.

Кошты на кватэры ў Менску таксама вырасьлі. Сярэдняя цана прададзеных у Менску кватэр за ліпень 2023 году вырасла на 0,7% і склала 1371 даляра за м2. Сярэдняя цана прапановы кватэр за ліпень 2023 году таксама паказала станоўчую дынаміку: у параўнаньні з папярэднім месяцам яна вырасла на 0,5% — да 1360 даляра за м2.

Сярод бліжэйшых буйных гарадоў суседніх краін у параўнаньні з папярэднім месяцам цэны ў даляравым эквіваленце зьнізіліся ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — мінус 7,5% у абодвух выпадках. У той жа час мацней за ўсё вырасьлі кошты ў Варшаве — плюс 4,5%, крыху менш (плюс 2%) — у Вільні.

  • У 2020 годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, попыт на нерухомасьць у Менску дасягнуў мінімуму за апошнія 7 гадоў: за год заключылі 11 164 дамовы куплі-продажу кватэр, паведаміла Нацыянальнае кадастравае агенцтва. Меншая за гэту колькасьць была ў 2014 годзе — 11 134 дамовы. Попыт на кватэры ў Менску да сярэдзіны 2020 году быў на досыць высокім узроўні, аднак у жніўні-верасьні рэзка скараціўся. На думку экспэртаў, гэта стала вынікам палітычнага крызісу і згортваньня крэдытаваньня.
  • У 2021 годзе цэны на кватэры зьнізіліся ў 14 з 17 буйных гарадоў Беларусі. Сярод прычын экспэрты называлі каранавірус, палітычную і эканамічную нестабільнасьць у краіне.
  • Ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, рэзкі рост даляра і рашэньне зьехаць зь Беларусі многіх уласьнікаў кватэр таксама паўплывалі на рынак арэнднага жыльля. У пачатку сакавіка 2022 году экспэртка агенцтва нерухомасьці «Твоя Столица» паведамляла, што ў Менску «цана некаторых кватэр упала на 50%» і што «за апошні тыдзень заявак на арэнду стала менш на 80%».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG