Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У канцы жніўня краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусьсю


Краіны Балтыі і Польшча гавораць пра магчымасьць поўнага закрыцьця межаў у Беларусі, канчатковыя акцэнты будуць узгодненыя ў Варшаве 28 жніўня, паведаміла BNS міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Паводле яе, гаворка ідзе пра «рэгіянальнае рашэньне».

«Тыдзень таму я мела размову зь міністрам унутраных спраў Польшчы. Мы дамовіліся, што зараз на тэхнічным узроўні ўзгадняем тэхнічныя дзеяньні і альгарытмы, як гэта выглядала б, калі б такое рэгіянальнае рашэньне было прынятае, калі б гэта зрабілі адначасова краіны Балтыі і Польшча», — сказала міністарка журналістам.

Паводле яе, цяпер краіны працуюць над пытаньнем «на тэхнічным узроўні», а падчас сустрэчы ў Варшаве міністры краін Балтыі і Польшчы «расставяць канчатковыя акцэнты на тым, як мусіць выглядаць так званая сынхранізацыя».

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус пры гэтым заявіў, што адначасовае закрыцьцё ўсіх шасьці пунктаў на мяжы зь Беларусьсю выкліча вялікія арганізацыйныя праблемы.

  • Польшча, Латвія і Літва раней заявілі пра магчымасьць сынхроннага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з разьмяшчэньнем наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі, а таксама ростам колькасьці спробаў незаконнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі.
  • З 18 жніўня Літва закрые памежныя пераходы «Шумск» («Лоша» зь беларускага боку) і «Цьверач» (зь беларускага боку — «Відзы») на мяжы зь Беларусьсю ў адказ на магчымыя пагрозы з боку наймітаў ПВК «Вагнэр». Транспартны паток зь іх накіруюць на памежны пункт у Медніках. Працягнуць працаваць у звычайным рэжыме чатыры пераходы: Меднікі — Каменны Лог, Лаварышкі — Катлоўка, Райгардас — Прывалка і Салечнікі — Беняконі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG