«Такое рашэньне прынятае ў сувязі з імклівым ростам гібрыднай пагрозы на латвійска-беларускай мяжы за мінулыя суткі, калі было зафіксавана 96 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы, а таксама ўзмацненьнем актыўнасьці прадстаўнікоў беларускіх уладаў у арганізацыі плыні нелегальных імігрантаў і інфармацыяй аб рызыках, якая ўказвае на магчымае павелічэньне гібрыдных пагрозаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
На дадзены момант латвійскім памежнікам перасталі даваць штогадовыя адпачынкі, а хто ўжо ўзяў адпачынак, тых зь яго адклікалі. Таксама Дзяржаўная памежная ахова Латвіі запрасіла дадатковай падтрымкі ў Нацыянальных узброеных сіл і дзяржаўнай паліцыі Латвіі.
- З 11 жніўня Латвія ўвяла ўзмоцнены рэжым аховы дзяржаўнай мяжы «для прадухіленьня дзяржаўнай пагрозы, прымаючы да ўвагі неадпаведна вялікую колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня латвійска-беларускай мяжы». Мера будзе дзейнічаць 6 месяцаў на тэрыторыях Лудзенскага, Краслаўскага, Аўгшдаўгаўскага раёнаў, якія мяжуюць зь Беларусьсю, а таксама Даўгаўпілсу.
- З прычыны таго, што мігранты ўсё часьцей незаконна перасякаюць мяжу зь Беларусьсю, а на беларускай тэрыторыі разьмешчаны вагнэраўцы, Польшча, Латвія і Літва заявілі пра магчымасьць сынхроннага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю.