Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас ня войска выходнага дня». Гутарка са стваральнікам беластоцкай харугвы «Лесавіком»


Баец Беларускай грэнадэрскай харугвы ў форме
Баец Беларускай грэнадэрскай харугвы ў форме

Расказваем, як дзейнічае беластоцкая харугва і калі яна можа пайсьці ў Беларусь.

Свабода пагаварыла з адным са стваральнікаў беластоцкай харугвы «Паспалітага рушэньня» з пазыўным «Лесавік» пра вызваленьне Беларусі і «зьліў» на БТ.

«Мы рыхтуемся да вызваленьня сваёй краіны»

«Лесавік» (сапраўднага імя герой публікацыі папрасіў не раскрываць з пытаньняў бясьпекі. — РС) расказаў, што яму за 30 гадоў. Выехаў зь Беларусі з палітычных прычын. Жыве ў Беластоку, працуе на заводзе. Афіцэр запасу Ўзброеных сіл Беларусі. Усё жыцьцё цікавіўся мілітарысцкай тэматыкай. Мае сям’ю і дзяцей.

«Я хачу, каб людзі, якіх незаконна асудзілі, выйшлі на свабоду, каб у Беларусі пачаліся зьмены. У мяне з часу выбараў патрабаваньні не зьмяніліся: свабоду палітвязьням, новыя сумленныя выбары і панаваньне закону. Я хачу ў будучыні паўдзельнічаць у стварэньні новага беларускага войска, бо тое, што цяпер там адбываецца, гэта ганьба», — расказвае пра сябе «Лесавік».

Ён адзін са стваральнікаў харугвы ў Беластоку — Беларускай грэнадэрскай харугвы, якая займаецца спартовай і вайсковай падрыхтоўкай.

«Мы рыхтуемся да вызваленьня сваёй краіны, да вяртаньня дадому. Мы дакладна разумеем, што з гэтай уладай размаўляць кветкамі не атрымаецца. Мы ўжо паспрабавалі мірна выказаць свой пратэст. Шмат хто з маіх сяброў дагэтуль знаходзіцца за кратамі. Такія людзі (рэжыму Лукашэнкі. — РС) разумеюць толькі мову сілы. Таму мы вучым гэтую мову», — тлумачыць баец.

Беластоцкая харугва адносіцца да «Паспалітага рушэньня» («ПР»), узьнікла амаль год таму на ініцыятыву ByPol.

«Аднак праз 1-2 месяцы ўсе харугвы выбралі тактыку аўтаномнасьці і незалежнасьці ні ад кога», — тлумачыць суразмоўца структуру.

Колькі ўсяго харугваў беларусаў, якія трэнуюцца за мяжой, невядома. На сайце «ПР» гаворыцца, што іх стварылі ў васьмі гарадах Польшчы і Літвы. «Лесавік» расказвае, што ёсьць харугвы, якія ўваходзяць у «ПР», і тыя, якія дзейнічаюць асобна. Хтосьці, як клюб «Літвіны», не называе сябе харугвай, але мае такія ж мэты і трэнінгі, як у іх.

«Гэта нашыя саюзьнікі. Мы робім зь імі трэнаваньні, у нас агульная мэта, проста рознае бачаньне сыстэмы кіраваньня», — кажа суразмоўца.

Ён патлумачыў, што прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык, які заявіў пра стварэньне «Паспалітага рушэньня», не знаходзіцца ні на якой пасадзе ў «ПР» і не ўплывае на ягоную дзейнасьць.

«Ён чалавек досыць аўтарытэтны ў вайсковым асяродку, які зрабіў сабе імя сваімі зваротамі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Ён ня твар кампаніі. У нас былі спробы зь ім супрацоўнічаць. У нас зь ім ёсьць кантакты. Ён цяпер займаецца сваёй справай, у яго свая група добраахвотнікаў, зь якой ён займаецца, якую ён спрабуе разьвіваць», — расказаў грэнадэр.

Удзельнікі беластоцкай харугвы называюць сябе грэнадэрамі, бо маюць спэцыфіку штурмавой пяхоты, навучаньне больш паглыбленае ў кірунку штурмавых дзеяньняў.

Трэнаваньні праходзяць у сярэднім штотыдзень: адзін тэарэтычны і адзін практычны заняткі, гаворыць суразмоўца. Каб папрактыкавацца, выяжджаюць на стрэльбішчы і палігоны. Нейкія тэмы байцы па сваёй ініцыятыве адпрацоўваюць дадаткова ў малых групах.

«Прыкладам, так праходзяць заняткі з дронамі, за якімі вайсковая будучыня, якія могуць служыць для выведкі, скідваньня боепрыпасаў, правакацый», — кажа «Лесавік».

«У нас не гурток па інтарэсах, ня войска выходнага дня»

Як зразумець, калі надыдзе той момант, калі харугвы рушаць на Беларусь? Суразмоўца кажа, што «ПР» падтрымлівае сувязі з падобнымі сабе арганізацыямі, напрыклад з палком імя Кастуся Каліноўскага, з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валерам Сахашчыкам.

«Думаю, калі будзе такая сытуацыя, яе будзе яскрава відаць. Калі б мяцеж Прыгожына зайшоў далей, трэба было б ехаць. Думаю, калі б ён знаходзіўся на адлегласьці артылерыйскай бітвы ад Масквы, калі б пачалі здымаць вайсковыя часткі з фронту, то я б зразумеў, што Расеі цяпер абсалютна не да Беларусі і што мы мусім падумаць пра дзейньні са свайго боку», — разважае «Лесавік».

Ён дадае, што ўдзельнікі «ПР» могуць выступіць сілавой падтрымкай пратэстаў, калі яны зноў пачнуцца ў Беларусі. Што стане трыгерам, ён ня ведае. Магчыма, мабілізацыя беларускіх вайскоўцаў на вайну ва Ўкраіну.

На думку грэнадэра, узровень байцоў харугвы дастаткова высокі. Яго цяжка параўнаць з узроўнем каліноўцаў, якія ваююць у рэальных умовах. Праўда, у некаторых байцоў «ПР» ёсьць баявы досьвед, некаторыя навучаліся ў ПКК.

«Я не скажу, што ў нас гурток па інтарэсах, войска выходнага дня. Нашыя трэнаваньні набліжаныя да вайсковай сытуацыі, хаця ты ня зможаш у цывільным жыцьці імправізаваць прылёты артылерыі або імітаваць агонь буйнакалібэрнага кулямёта па табе. Але і „Зарніцай“ гэта назваць нельга», — кажа «Лесавік».

Ён мяркуе, што ў харугве даюць добрую мэдыцынскую падрыхтоўку. Баец прыводзіць у прыклад сучасныя імітатары ран, якія выглядаюць досыць натуральна і выклікаюць адпаведныя эмоцыі на трэнінгах (праўда, у харугве іх пакуль няма).

«Ты разумееш, што гэта не па-сапраўднаму. Але адрэналін робіць сваю справу, ножкі-ручкі пачынаюць трэсьціся. Ты разумееш, што калі рукі трасуцца, то турнікет накладаць ня так проста. А калі на табе заплечнік, разгрузка, „бронік“, то табе і круціцца ня так проста, як у звычайным жыцьці. Нават у прыбіральню складана схадзіць», — расказвае баец.

«На кожнага штурмавіка прыпадае зь дзясятак спэцыялістаў»

Суразмоўца сьцьвярджае, што беластоцкая харугва налічвае дзясяткі чалавек. Са словаў «Лесавіка», да «ПР» далучаюцца і людзі перадпэнсійнага ўзросту, і тыя, каму толькі споўнілася 18 гадоў, мужчыны і жанчыны розных прафэсій. Строгіх абмежаваньняў няма. Галоўнае — прайсьці вэрыфікацыю.

«На кожнага штурмавіка, які гераічна зачышчае варожыя акопы, прыпадае зь дзясятак спэцыялістаў, якія дапамагаюць яму гэта рабіць. Тыя ж дроны, а апэратара дрона хтосьці павінен прывезьці, хтосьці павінен ежу яму прыгатаваць, а хтосьці адрамантаваць машыну. Хтосьці павінен весьці бухгальтэрыю, займацца закупкамі. Мы неўзабаве хочам зрабіць сваё мэдыя», — пералічвае грэнадэр.

Ён мяркуе, што хранічныя захворваньні, лішняя вага, недастатковая спартовая падрыхтоўка таксама не перашкода.

«Сацыяльныя ролікі, напрыклад, можна весьці і з інваліднага вазка. Нядаўна я размаўляў зь нетыповым рэкрутам. Гэта жанчына ва ўзросьце, я ня буду гаварыць пра дэталі, але гэта чалавек, максымальна далёкі ад вайсковай справы, і ў яе проста гарыць. Мы не зьбіраемся з усіх рыхтаваць Рэмба і штурмавікоў. Нават я па ўзросьце стараваты», — дадае мужчына.

Удзельнікі «ПР» ня маюць заробку. У іх няма забесьпячэньня «зьверху», але рыштунак удзельнікам харугвы дапамагаюць набываюць паплечнікі. Самі яны могуць рабіць добраахвотныя складкі ў супольны бюджэт. Сярэдняя сума ахвяраваньняў, прынятых у беластоцкай харугве, — 100 злотых на месяц ($25). Ёсьць людзі па-за «ПР», якія данацяць руху. Часам ахвяраваньні сягаюць тысячаў эўра, дзеліцца «Лесавік». За гэтыя грошы можна купляць матэрыялы для навучаньня, выяжджаць на трэнаваньні.

«„Зьліў“ сапраўды адбыўся»

Шостага жніўня на «Беларусь-1» паказалі здымкі з трэнінгу харугваў «Паспалітага рушэньня» у Польшчы. У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі заявілі, што гэта зыходнікі відэа тэлеканалу «Белсат», якія трапілі да іх. Паводле прапагандыстаў, на апублікаваным відэа трэнаваньні беластоцкай, уроцлаўскай і літоўскай харугваў у Польшчы пад Аўгустовам 1 ліпеня. Твары некаторых байцоў былі незаблюраныя.

«Лесавік» пракамэнтаваў Свабодзе, што «зьліў» інфармацыі сапраўды адбыўся, але не па віне «ПР».

«Цяпер я дакладна магу казаць, што чальцы „Паспалітага рушэньня“ ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня, акрамя таго, што, можа, мы недзе разьняволіліся і не былі на тым узроўні кансьпірацыі, на якім трэба было быць», — сказаў баец.

Цяпер ідзе расьсьледаваньне гэтага выпадку.

«Нават калі дапускаць, што ёсьць шпіён, пацук, то гэта не азначае аўтаматычна, што ўвесь „Белсат“ — гэта шпіёны і ўсе журналісты — гэта шпіёны. Хаця цяпер асноўная вэрсія далёка не шпіёнская, хаця БТ спрабуе зрабіць карціначку, кшталту „мы ўкараніліся“. Насамрэч іхныя магчымасьці досыць абмежаваныя тут. Польскія спэцслужбы добра выяўляюць агентаў», — кажа суразмоўца.

Ён называе сытуацыю «выпадковым зьлівам».

«Мы зараз мусім перагледзець пратаколы бясьпекі. Мы не вінавацім „Белсат“. Калі скончыцца расьсьледаваньне, мы будзем дакладна гаварыць. Думаю, „Белсат“ па выніках расьсьледаваньня выпусьціць свой матэрыял», — дадаў ён.

Паводле «Лесавіка», расьсьледаваньне ідзе «на сур’ёзным узроўні». Хто яго вядзе, нельга раскрываць. Баец расказаў, што і журналіст, і кіраўніцтва тэлеканалу «Белсат» перапрасілі «Паспалітае рушэньне» за тое, што адбылося.

«Да нас адразу зьвярнуліся, прасілі прабачэньня. Яны зрабілі так, як трэба. Яны не спрабавалі выкручвацца. Адразу прызналі, што яны вінаватыя», — расказаў «Лесавік».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG