Пра гэта паведаміла BNS са спасылкай на дарадцу міністра транспарту Літвы Габрыеле Васіляўскайце.
Паводле яе слоў, гэта папярэдняя дата, якую могуць узгадніць падчас пасяджэньня ўраду 15 жніўня. На ім будзе разгледжаны праект часовага закрыцьця двух пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы.
У суправаджальным лісьце Міністэрства транспарту Літвы гаворыцца, што прапануецца часова прыпыніць дзейнасьць у двух пунктах пропуску «ў сувязі са зьмяненьнем геапалітычных абставін і пагроз».
Раней стала вядома, што ўрад Літвы падрыхтаваў праект пастановы аб закрыцьці з 15 жніўня двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Гэта пункты пропуску «Шумск» («Лоша» зь беларускага боку) і «Цьверач» (зь беларускага боку — «Відзы»).
У сувязі з гэтым прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заяўляла:
«Трэба зразумець вельмі простую рэч, што ўжо вельмі даўно ўрад ня раіць ехаць у Беларусь. Нягледзячы на гэта, ёсьць пэўная колькасьць людзей, якія не пільнуюцца гэтай рэкамэндацыі або маюць для гэтага асаблівыя прычыны, і гэтая інфраструктура цяпер, на наш погляд, проста залішняя паводле геапалітычнай вагі. Пасьля закрыцьця пунктаў праца будзе наўпрост засяроджаная ў тых пунктах, празь якія ідзе і частка камэрцыйнага транспарту».
Пры гэтым Шыманіце не камэнтавала шырока асьцярогі літоўскіх уладаў ад перабываньня на беларускай тэрыторыі наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр». Але адзначыла, што сам гэты факт не дае расслабляцца ўладам Літвы. Раней Польшча перакінула да мяжы дадатковыя сілы вайскоўцаў менавіта праз прыбыцьцё вагнэраўцаў у Беларусь.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.