Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Партрэт Каліноўскага на купюры? Ён жа быў бандытам, рабаваў банкі». Як 30 гадоў таму стваралі беларускія грошы


Гэтымі днямі спаўняецца 30 гадоў, як у Беларусі быў выведзены з ужываньня савецкі рубель, а разьліковы білет Нацыянальнага банку («зайчык») зрабіўся адзіным законным платным сродкам на тэрыторыі краіны.

Пэўную канкрэтную дату нараджэньня беларускай нацыянальнай валюты вызначыць немагчыма: працэс адбываўся ў некалькі этапаў. Ды і сама гісторыя беларускай грашовай адзінкі — гэта шлях шматпакутны, поўны драматызму, у якім перапляталіся заканамернасьці і нечаканасьці.

Кавалер за паўталера і права на частку фондаў СССР

Ідэя ўвядзеньня беларускай грашовай адзінкі (ці, як тады часта казалі, «уласнай валюты») на афіцыйным узроўні ўпершыню была заяўленая ў праекце Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці, вынесенай дэпутатамі БНФ на першую сэсію Вярхоўнага Савету ў пачатку чэрвеня 1990 году. Абсалютнай большасьці дэпутатаў гэта падалося абсурдам — як, напрыклад, стварэньне ўласнага войска дый увогуле абвяшчэньне дзяржаўнай незалежнасьці. Але тады былі часы, калі дзень часам быў варты году, і празь некалькі тыдняў дэпутаты-камуністы пагадзіліся з ідэяй БНФ.

Праўда, істотна яе зьмяніўшы. У назоў Дэклярацыі замест «незалежнасьці» ўпісалі «сувэрэнітэт», а ў палажэньні пра ўласную грашовую адзінку слова «стварае» замянілі на «мае права».

У канчатковым выглядзе сказы ў артыкуле 5 Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце гучалі гэтак:

«Рэспубліка Беларусь утварае Нацыянальны банк, падпарадкаваны Вярхоўнаму Савету рэспублікі, стварае сваю фінансава-крэдытную сыстэму, пацьвярджае права ўласнасьці на спэцыялізаваныя банкі, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі на момант прыняцьця гэтай Дэклярацыі, арганізуе ўласныя падатковую і мытную службу, мае права на стварэньне ўласнай грашовай сыстэмы».

А цяпер тое, што для тых, хто не чытаў тэкст Дэклярацыі, можа падацца неймаверным. Гэта і сапраўды было неймаверна сьмелым на тыя часы, а на цяперашнія дык выглядае яшчэ сьмялейшым.
У тым жа артыкуле канстатавалася наступнае:

«Рэспубліка Беларусь мае права на сваю долю ў агульнасаюзнай маёмасьці адпаведна ўнёску беларускага народу і як рэспубліка-заснавальніца Савецкага Саюзу, якая была яго правадзейным суб’ектам, мае права на сваю долю ад дыямэнтавага, валютнага фондаў і залатога запасу СССР».

Абстрактна кажучы, пры распадзе СССР Беларусь магла б паспрачацца, каму павінны належаць дыямэнт «Шах» альбо вялікая карона Расейскай імпэрыі, якія знаходзіліся (і цяпер знаходзяцца) у „Алмазным фондзе“ ў Маскве. Альбо патрабаваць кампэнсацыі за «сваю» ў іх долю. І калі яшчэ можна тэарэтычна дапусьціць, што Шушкевіч здольны быў узьняць гэтае пытаньне перад Ельцыным, дык у выпадку з Лукашэнкам і гаспадаром Крамля падобнае выглядае неверагодным.

Каранацыйныя атрыбуты з Алмазнага фонду РФ (раней - Алмазны фонд СССР).
Каранацыйныя атрыбуты з Алмазнага фонду РФ (раней - Алмазны фонд СССР).

Ну, а калі разважаць не абстрактна, а прагматычна, фрагмэнты гэтых фондаў і залатога запасу мусілі стаць забесьпячэньнем вартасьці беларускіх грошай. Але толькі часткова. У 1990 годзе Беларусь мела добры эканамічны патэнцыял, з разгалінаванай навуковаёмістай вытворчасьцю, моцным аграсэктарам і найвыгаднейшым, як бы цяпер сказалі, лягістычным становішчам. Пры ўмове правядзеньня эканамічных рэформаў беларуская валюта мела добрыя шанцы ўмацавацца і пазьней зрабіцца канвэртавальнай.

Такую эканамічную праграму (з увядзеньнем права прыватнай уласнасьці на зямлю) і падалі ўвосень 1990-га экспэрты Апазыцыі БНФ на другую сэсію Вярхоўнага Савету, але яе адкінула парлямэнцкая большасьць.

А які назоў мусіў быць у беларускіх грошай?
Зянон Пазьняк прапанаваў ужыць слова «талер» — гэтак, як у старажытных беларускіх землях. Летам 1990 году ў артыкуле ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ён даў грунтоўнае палітычнае і гістарычнае абгрунтаваньне, а таксама прывёў прыклад з фальклёру:

Знайшлі дзеўкі паўталера
І купілі кавалера.

“Зайчыка” падстрэльвае расейскі рубель

Аднак і пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў жніўні 1991-га, і пасьля канчатковага распаду СССР праз падпісаньне Віскулёўскіх пагадненьняў Вярхоўны Савет не сьпяшаўся ўводзіць нацыянальную валюту. Стэнаграма сэсій Вярхоўнага Савету зафіксавала дзясяткі выступаў дэпутатаў БНФ з патрабаваньнем увесьці ўласныя грошы. Але гэтыя заклікі ня мелі выніку.

Паспрыялі, як гэта часта здаралася, вонкавыя абставіны. У Расеі пачаліся так званыя гайдараўскія рэформы, цэны вырасьлі ў дзясяткі разоў. У Беларусі прадукты і тавары былі таньнейшыя, іх пачалі вывозіць у Расею. У мэтах «абароны спажывецкага рынку» ў траўні 1992 году былі ўведзеныя разьліковыя білеты Нацыянальнага банку, якім, аднак, ня быў нададзены статус нацыянальнай валюты. На купюрах былі выявы зьвяроў, з гэтай прычыны ў народзе яны атрымалі назоў «зайчыкі». Але адначасна зь імі ў незалежнай Беларусі ўжываўся савецкі рубель.

Разьліковыя білеты Нацыянальнага банку, 1992 год.
Разьліковыя білеты Нацыянальнага банку, 1992 год.

У канцы ліпеня 1993-га, не папярэдзіўшы іншыя савецкія рэспублікі, дзе меў хаджэньне савецкі рубель, Крэмль абвясьціў грашовую рэформу. Замест ранейшых уводзіліся новыя банкноты, прычым абмен старых на новыя адбываўся ў эквіваленце ня больш чым 100 даляраў на аднаго чалавека. Дэ-факта беларускі „зайчык“ набываў статус адзінага законнага платнага сродку, аднак яго курс да расейскага рубля імгненна абрынуўся.

«У гэтых умовах кіраўніцтва Беларусі так і не наважылася прыняць рашэньне пра ўвядзеньне нацыянальнай валюты, хоць інтарэсы нашай дзяржавы пільна вымагаюць такога кроку», — прагучала ў тыя дні заяве Сойму БНФ.

Больш за тое. Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч заявіў, што ёсьць намер аб’яднаць грашовыя сыстэмы Беларусі і Расеі — зразумела, на карысьць расейскага рубля, і ў такім разе з 1 студзеня 1994 году «зайчык» меўся спыніць існаваньне. Гэта было б адкатам назад, у СССР. А рэальна — пачаткам уваходу ў РФ.

Махінацыі на розьніцы курсаў і штучнай інфляцыі

Не жадаючы ўводзіць паўнавартасную нацыянальную валюту, людзі пры ўладзе і блізкія да іх асобы рабілі неблагі бізнэс на штучна ўведзенай ў Беларусі розьніцы курсаў наяўнага і безнаяўнага расейскага рубля. Вось фрагмэнт артыкулу супрацоўніка Кантрольнай палаты, дэпутата Віталя Малашкі ў газээце «Свабода», у якім адмову ад увядзеньня нацыянальнай валюты ён тлумачыў карупцыйнымі схемамі.

«Маючы добрыя сувязі і спрыт, можна рабіць грошы, зусім нічога не вырабляючы — не купляючы і не прадаючы. Тут галоўнае ўважліва сачыць за сюрпрызамі, якія падкідвае наш Нацыянальны банк.

Увесну Нацыянальны банк абвясьціў курс безнаяўнага расейскага рубля да беларускага 1:2, і паехалі наяўныя ў Расею цэлымі валізамі: давёз да Смаленску мільён, пераводзь назад празь Беларусь пад падстаўную фірму, і на тваім рахунку ўжо два мільёны, абнаявіў — вязі зноў, і будзе чатыры. Галоўнае мець наяўнымі расейскімі рублямі, а гэта ўвесну пры паралельным хаджэньні грошай было няцяжка. Навошта нешта вырабляць, сеяць, жаць?

... Або згадайце летні жарт, калі курс безнаяўнага даляра быў штучна падняты да 2000 рублёў, гэта ў той час, калі на „чорным рынку“ наяўны даляр каштаваў 1100–1250 руб.

Парадаксальная сытуацыя: ува ўсім сьвеце наяўныя і безнаяўныя грошы каштуюць аднолькава, а ў нас можна было купіць на рынку даляры, прадаць іх банку па безнаяўным курсе, атрымаць чэк і абмяняць яго ў краме на наяўныя грошы (за пэўны хабар). А потым ізноў ісьці на рынак і купляць даляры, каб ізноў здаць іх у банк... Таму, калі Нацыянальны банк у канцы жніўня падняў курс даляра да 2800 руб., а расейскі рубель зафіксаваў на ўзроўні 1:1,5, шмат што стала зразумелым.

Складваецца ўражаньне, што „музыку“ Нацыянальнаму банку нехта замаўляе. Але ж не спэцыяльна дзеля карысьці дробных валютчыкаў і „чаўночнікаў“ нашая фінансавая сыстэма выпісвае такія піруэты, дарэчы, магчымыя толькі ва ўмовах рублёвай зоны. У краінах, якія ўвялі свае валюты (Эстонія, Латвія), такіх афэраў не назіраецца» («Свабода» № 10, верасень 1993).

Яшчэ больш паказальны аповед мэдыя-мэнэджара і бізнэсоўца Пятра Марцава журналістцы Сашы Раманавай, якая пазьней напісала пра яго кнігу. Марцаў узгадвае гутарку зь вядомай у той час кіраўніцай буйнога банку (мы вырашылі апусьціць канкрэтныя прозьвішчы, але ў кнізе яны названыя).

«— Пётра, чаму вы не бераце ў мяне крэдыт?
Я кажу:
— Ну як? Гэта ж працэнты трэба плаціць. З сваімі грашыма лягчэй працаваць.
Тут яна ўпершыню дала мне зразумець, як працуе банк.
— Вазьміце ў мяне крэдыт на мільён даляраў.
— І куды мне яго ўкласьці? У мяне ўжо ўсё расьпісана, цяпер лішніх угодаў няма.
— А вы проста вазьміце, у рублях. І канвэртуйце, перавядзіце ў валюту.
— Ну?
— Больш нічога не рабіце.

Банкірка [...] растлумачыла мне, што грошы можна зарабляць проста з грошай. Канвэртуеш рублёвыя рэсурсы, а калі курс рубля падае, прадаеш траціну даляраў і закрываеш крэдыт. Усё астатняе застаецца ў цябе. [...] навучыла мяне зарабляць на інфляцыі, ня робячы нічога. Натуральна, нейкімі грашыма я дзяліўся зь ёй і з [...], які ў той час быў старшынём банку. Тады ж нічога не было: ні страхавых кампаніяў, ні заставаў — можна было падаць банку любую фальшывую дамову, даць банкіру „адкат“ памерам 10% ад сумы і, атрымаўшы крэдыт, узяць і зваліць. Мы так і рабілі» (Саша Романова. Марцев. Вільня: Logvіno lіteratūros namaі, 2016. С. 136–137).

На штучна ўтворанай розьніцы курсаў і інфляцыі тыя, хто меў доступ да крэдытаў, рабілі гіганцкія капіталы. Пераважна гэта былі асобы, блізкія да кіраўніцтваў банкаў і выканаўчай улады, якую ўзначальваў Вячаслаў Кебіч. Але ня толькі: пагрэлі рукі і некаторыя з кіраўнікоў Вярхоўнага Савету. Дайшло да таго, што старшыня парлямэнцкай плянава-бюджэтнай камісіі Раман Унучка зрабіўся старшынём праўленьня аднаго з камэрцыйных банкаў. Сытуацыя абурыла Станіслава Шушкевіча, але ўсё, што ён мог зрабіць, — заклікаць да сумленьня.

Вынікам такога «бізнэсу» на штучна ўтворанай розьніцы курсаў (якая падштурхоўвала інфляцыю) і адмовы ад увядзеньня паўнавартаснай нацыянальнай валюты, на якім настойвала парлямэнцкая Апазыцыя БНФ, было паглыбленьне эканамічнага крызісу, усё больш дынамічная інфляцыя, расчараваньне людзей у дэмакратычных рэформах (якіх, у істоце, не было) і рост настальгіі па часах СССР.

Кебіч і Лукашэнка спрачаюцца, хто спрытнейшы

12 красавіка 1994 году была падпісаная Дамова пра аб’яднаньне грашовых сыстэмаў Беларусі і Расеі. Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч таксама паставіў подпіс, аднак зрабіў у дакумэнце агаворку, якая юрыдычна дазваляла заблякаваць такое абʼяднаньне. Курс беларускага рубля да расейскага на той момант быў 2,19:1, аднак Кебіч паабяцаў, што яму ўдасца пераканаць Крэмль для грамадзян зрабіць курс 1:1.

Тэма ўводу расейскага рубля была адной з галоўных у дэбатах кандыдатаў у прэзыдэнты Вячаслава Кебіча і Аляксандра Лукашэнкі: кожны абяцаў зрабіць гэта як найхутчэй.

Фотаздымак Сяргея Грыца, газэта "Свабода", 1994 год
Фотаздымак Сяргея Грыца, газэта "Свабода", 1994 год

За некалькі дзён да галасаваньня Менск наведаў расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін (тады ў газэце “Свабода” зьявіўся знакаміты здымак пацалунку беларускага і расейскага прэм’ераў). Кебіч заявіў, што Чарнамырдзін паабяцаў яму “вось-вось” эшалёны з расейскімі рублямі.

Лукашэнка саркастычна пытаўся: ну і дзе ж яны, абяцаныя рублі? Сам ён абяцаў, што пры ім расейскі рубель будзе ўведзены гарантавана і хутчэй, чым калі б перамогу на выбарах атрымаў Кебіч.

Тое, што канчатковы ўваход Беларусі ў зону расейскага рубля азначае як мінімум канец яе эканамічнага сувэрэнітэту, абодвух ня надта турбавала.

Абяцаньньні, як вядома, ня спраўдзіліся.

Чаму на купюрах не было Каліноўскага

А ў Нямеччыне ўжо былі аддрукаваныя сапраўдныя беларускія грошы — з партрэтамі Скарыны, Купалы, Коласа, Багдановіча, з выявамі помнікаў старажытнага дойлідзтва, зь бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй». Казалі, што абʼём эмісіі важыць 400 тонаў. Аднак зь іх увядзеньнем цягнулі.

У траўні 1995 году «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі замененыя на змадыфікаваныя БССРаўскія сымбалі.

Станіслаў Багданкевіч быў вызвалены ад пасады кіраўніка Нацбанку, старшынёй праўленьня была прызначаная Тамара Віньнікава.

Паводле расьсьледаваньня журналістаў газэты «Комсомольская правда в Беларуси», Віньнікава запыталася ў адмыслоўцаў, ці магчыма на купюрах «запячатаць» (цяпер бы сказалі — «заблюрыць») «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг. Бо калі подпіс Багданкевіча яшчэ можна было дапусьціць, дык сымбалі — ні ў якім разе. Ёй адказалі, што таньней надрукаваць новыя купюры.

Віньнікава прыняла рашэньне. Усе грошы, выраб якіх у Нямеччыне, паводле пэўных зьвестак, абышоўся ў 10 мільёнаў даляраў, быў зьнішчаны, усе 400 тонаў эмісіі.

Некалькі гадоў таму камплект грошай з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам быў выстаўлены на аўкцыёне Stack’s Bowers Galleries з стартавай цаной у 6 тысяч даляраў.

На завяршэньне — пра тое, як кіраўніцтва Нацыянальнага банку выбірала кандыдатуры нацыянальных дзеячоў для партрэтаў на купюрах.

«На адной з купюраў хацелі зьмясьціць партрэт Каліноўскага, — прыгадваў журналістам Станіслаў Багданкевіч. — Але хтосьці на нарадзе выказаў думку, што Каліноўскі быў бандытам і рабаваў банкі. Абмеркаваўшы гэта, мы вырашылі пакуль не ўключаць яго ў сэрыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG