МЗС Беларусі выступіў з заявай у сувязі з увядзеньнем Эўразьвязам 3 жніўня новых санкцыйных абмежаваньняў у дачыненьні да Беларусі.
У заяве выказваецца «расчараваньне» рашэньнем Эўрапейскага Зьвязу ад 3 жніўня 2023 году ўвесьці новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Санкцыі названыя працягам «недружалюбнай палітыкі ЭЗ у адносінах да нашай краіны, чарговай спробай непрыкрытага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы».
«Такія дзеяньні Брусэля разбураюць шляхі вяртаньня да прымальнага ўзроўню беларуска-эўрапейскіх адносін. Яшчэ раз падкрэсьліваем, што аднабаковыя прымусовыя меры непасрэдна парушаюць міжнароднае права, паколькі толькі Рада Бясьпекі ААН упаўнаважаная на прыняцьце падобных рашэньняў».
«Беларускі бок пакідае за сабой права рабіць захады ў адказ», — заявілі ў МЗС Беларусі.
Новыя санкцыі Эўразьвязу
Эўразьвяз 3 жніўня апублікаваў рашэньне аб новых санкцыях, якім ён увёў дадатковую забарону «на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгій, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». У гэтым пляне санкцыі ў дачыненьні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расеі.
26 ліпеня камітэт сталых прадстаўнікоў краін Эўразьвязу ўзгадніў увядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску «з прычыны сытуацыі ў краіне і датычнасьці Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».
Раней ЭЗ увёў шэсьць пакетаў санкцый супраць Беларусі, папярэдні раз — больш за год таму, у чэрвені 2022-га.
У прыватнасьці, рашэньне Рады Эўразьвязу прадугледжвае наступныя меры:
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь агнястрэльнай зброі, яе частак і неабходных кампанэнтаў, і боепрыпасаў да яе.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў, якія маглі б паспрыяць вайскова-тэхнічнаму ўмацаваньню Беларусі альбо разьвіцьцю яе абарончага патэнцыялу і забесьпячэньню бясьпекі.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь пэўных відаў паўправадніковых прыбораў, інтэгральных схемаў, фотаапаратаў і аптычных кампанэнтаў, іншых электрычных/магнітных кампанэнтаў і электронных прыладаў.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі або касьмічнай прамысловасьці, уключаючы авіяцыйныя рухавікі і іх часткі.
- Таксама ў рашэньні апісваецца намэнклятура забароненай для экспарту электронікі. Гаворка ідзе пра тыя яе віды, якія спрыяюць разьвіцьцю абароннага патэнцыялу і гарантаваньню бясьпекі Беларусі, а таксама тыя віды электронікі, якія выкарыстоўвае Расея для сваёй вайны супраць Украіны, якія спрыяюць разьвіцьцю абарончага патэнцыялу і вытворчасьці ўзбраеньня ў Расеі.
Рашэньне ЭЗ не прадугледжвае ніякага зьмякчэньня санкцыяў адносна экспарту беларускіх угнаеньняў. Гэтага зьмякчэньня дамагаўся шэраг краінаў Эўразьвязу.
Хроніка санкцыяў ЭЗ 2022 году
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай абнавілі санкцыйны сьпіс, у які ўключылі фізычных і юрыдычных асоб з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, увялі абмежаваньні на гандаль таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў увялі забарону на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключыў ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT тры беларускія банкі: «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр — Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.