Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве лічаць, што нельга спрашчаць сытуацыю зь перамяшчэньнем «вагнэраўцаў» у Беларусь


Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў

«Там ёсьць сытуацыя, зьвязаная з самім Лукашэнкам, з тымі падзеямі, якія адбываюцца ў Афрыцы, і шмат іншых рэчаў», — сказаў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў мяркуе, што пагроза з боку «вагнэраўцаў», якія цяпер перамяшчаюцца ў Беларусь, будзе абумоўлена некалькімі фактарамі ў сукупнасьці.

«Гэта будзе залежаць ад тых фактараў, якія будуць адбывацца на фронце, на нашым фронце. Я прыхільнік таго, што іх у любы момант могуць выкарыстаць для тых ці іншых правакацыяў», — сказаў Аляксей Данілаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 3 жніўня.

Паводле яго, гэта «больш складаная сытуацыя».

«Там ёсьць сытуацыя, зьвязаная з самім Лукашэнкам, з тымі падзеямі, якія адбываюцца ў Афрыцы, і шмат іншых рэчаў. Глядзіце, сьвет насамрэч перавязаны ўнутры вельмі і вельмі моцна. І калі недзе нешта адбываецца, майце на ўвазе: гэта камусьці патрэбна. І гэта некаму патрэбна, каб „вагнэраўцы“ апынуліся менавіта там», — перакананы сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Аляксей Данілаў зьвярнуў увагу на наступствы таго, што ў часе нядаўняга мяцяжу ўласьніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына вагнэраўцы «забілі 39 расейскіх вайскоўцаў, зьнішчылі каштоўную вайсковую тэхніку — верталёты, самалёт Іл-22... І ніякай адказнасьці. Больш таго, пасьля гэтага адбылася сустрэча з Пуціным, нейкая размова. Вы ж разумееце, які сюр тое, што там адбываецца!», — дадаў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG