Расейскія войскі ў ноч на 2 жніўня атакавалі ўкраінскія парты на рацэ Дунай, празь якія мяркуецца экспартаваць збожжа з Украіны на ўсясьветны рынак.
Як паведаміў кіраўнік Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Кіпэр, бесьпілётнікі пашкодзілі аб’екты партовай і прамысловай інфраструктуры, у тым ліку элеватар, і выклікалі пажары. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.
Украінскія СМІ паведамілі, што Расея атакавала порт у Ізмаіле Адэскай вобласьці. Гэта непадалёк ад Румыніі.
Пазьней стала вядома, што пасьля расейскіх удараў па порту ў Ізмаіле цана пшаніцы на ўсясьветным рынку павялічылася на 6 %.
1 жніўня амэрыканскае выданьне Forbes паведаміла, што ў порт зайшлі тры цывільныя балкеры з турэцка-грузінскай рэгістрацыяй, а таксама пад сьцягамі Ізраілю і Грэцыі ў суправаджэньні ня менш як чатырох самалётаў NATO, імаверна, для заладаваньня ўкраінскім збожжам.
Гэта быў першы заход замежных грузавых караблёў ва Ўкраіну пасьля выхаду Расеі з дамоўленасьцяў аб даставах украінскага збожжа Чорным морам, якое цяпер пад расейскім кантролем.
Расея пачала наносіць сыстэматычныя ўдары па Адэсе і Адэскай вобласьці з 18 ліпеня — на наступны дзень пасьля выхаду з дамоўленасьцяў аб збожжы. Ва Ўкраіне перакананыя, што галоўнай мэтай абстрэлаў ёсьць блякаваньне экспарту ўкраінскага збожжа альтэрнатыўным шляхам па рацэ Дунаі.
- Збожжавую ўгоду, паводле якой харч вывозілі з заблякаваных Расеяй чарнаморскіх партоў, падпісалі летась у ліпені пры спрыяньні Турэччыны і ААН. Пагадненьне падаўжалі некалькі разоў. Апошні раз — 17 траўня.
- Адной з умоваў, якія выстаўляла Расея для падаўжэньня збожжавай угоды, было перападлучэньне «Россельхозбанка» да міжнароднай сыстэмы апрацоўкі банкаўскіх платаў SWIFT, ад якой ён быў адлучаны праз санкцыі. Таксама Масква настойвала на ліквідацыі перашкодаў для экспарту расейскага збожжа, угнаеньняў і паставак аміяку ў Эўропу цераз Украіну.
- У пачатку чэрвеня Ўкраіна абвінаваціла Расею ў новым прыпыненьні збожжавай ініцыятывы. У Кіеве сьцьвярджалі, што расейскі бок заблякаваў рэгістрацыю караблёў ува ўсіх украінскіх партах, і назвалі гэтыя дзеяньні «грубым парушэньнем» дамоўленасьцяў.
- У ліпені Расея заявіла аб аднабаковым выхадзе з збожжавых дамоўленасьцяў і папярэдзіла, што ўсе караблі ў Чорным моры будзе разглядаць як ваенныя цэлі.