Да эфіру далучацца «блогеркі і блогеры, палітыкесы і палітыкі, дзяячкі і дзеячы культуры і спорту, грамадзкія актывісткі і актывісты», паведамляе ініцыятыўная група маратону. Трансьляцыя пройдзе адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10-й ранку да 10-й вечара паводле менскага часу.
ТУТ СПАСЫЛКА НА САЙТ, ПРАЗЬ ЯКІ МОЖНА ДАНАЦІЦЬ
З ініцыятывай правесьці такі маратон выступіла прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінэта Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.У арганізацыі і правядзеньні маратону ўдзельнічае больш за 20 незалежных мэдыя, сярод якіх Белсат TV, «Эўрарадыё», «Зеркало», «Звычайны ранак», Радыё Свабода, Радыё Ўнэт, «Страна для жизни», а таксама Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Брестская газета», «Маланка Медиа», «Мэдыязона», «Наша Ніва», Радыё Рацыя, «Салідарнасьць», BPN/Pozirk, Hrodna.life, Kyky.org, Nexta, Reform.by, Tribuna.com і многія іншыя.
Прадстаўляць Радыё Свабода на маратоне будзе былы палітвязень, журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч.
Як будуць разьмяркоўвацца ахвяраваньні
Усе данаты будуць зьбірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы разьмяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзьняволеным і іх родным: сацыяльны праект INeedHelpBY, мэдыяпраект дапамогі беларускім палітзьняволеным жанчынам «Палітвязынка», «Анархічны чорны крыж — Беларусь», праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissidentby, фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam», ініцыятыва BY_help, Беларуская асацыяцыя палітвязьняў «Да волі», Беларуская рада культуры, фонд мэдычнай салідарнасьці ByMedSol, Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, фонд беларускай салідарнасьці BySol, дабрачынны фонд «Краіна для жыцьця», публічная дабрачынная арганізацыя Littouwin Lions Club. Кантраляваць разьмеркаваньне сабраных грошай будзе спэцыяльна створаная назіральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі мэдыя – арганізатараў маратону.
Вольга Гарбунова: Калі дапамагаеш іншым, табе таксама становіцца лягчэй
Усіх гледачоў маратону, якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізацыйная група заклікае клапаціцца пра сваю бясьпеку: не рэпосьціць, ня лайкаць і не камэнтаваць трансьляцыю са сваіх пэрсанальных акаўнтаў, данаціць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.
«Кожны дзень колькасьць палітзьняволеных у Беларусі павялічваецца, як павялічваецца і іх татальная ізаляцыя. Выступаючы з ідэяй аб’яднанага маратону, мы імкнуліся паказаць, што нам ня ўсё адно і што мы будзем працягваць прыкладаць усе магчымыя высілкі для дапамогі і падтрымкі, пакуль за кратамі застаецца хоць адзін палітзьняволены, — кажа Вольга Гарбунова. — Мне давялося прайсьці празь зьняволеньне, і я ведаю, што ратуе там: ведаць, што цябе падтрымліваюць на волі, што тваім блізкім дапамагаюць, што цябе чакаюць дома.
Я запрашаю ўсіх падтрымаць маратон незалежных мэдыя: расказаць пра яго сваім блізкім альбо ў сацсетках, глядзець трансьляцыю, данаціць. Нам усім баліць, але вы ж ведаеце — калі дапамагаеш іншым, табе таксама становіцца лягчэй. За апошнія гады беларусы і беларускі неаднаразова паказалі, што ў самыя цяжкія часы мы здольныя аб’ядноўвацца. Бо хто, калі ня мы, дапаможа нашым палітзьняволеным?»