Цяпер абмежавалі ўзрост (ад 24 да 50 гадоў) і грамадзянства (на службу прымаюцца грамадзяне толькі Расеі і Беларусі, хоць ва Ўкраіне ваявалі найміты і зь іншых краін).
За апошнія два месяцы ў Малі адправіліся ўжо два рэйсы з наймітамі расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр».
Паводле расьсьледаваньня расейскай службы Радыё Свабода, гэтыя рэйсы адбыліся 2 чэрвеня і 12 ліпеня. Вядома, што, як мінімум, рэйс 12 ліпеня вылецеў з Расеі, але быў не прамым: вагнэраўцы прыляцелі ў Малі толькі праз тры дні — 15 ліпеня.
«Сваячка аднаго з наймітаў напісала, што па дарозе ў гэтую афрыканскую краіну той выходзіў на сувязь з аэрапорту ў Казахстане», — паведамляецца ў матэрыяле Свабоды. Аднак цалкам шлях, якім вагнэраўцы дабіраліся ў Афрыку, не змаглі высьветліць. Імаверна, пералёт ажыцьцяўляецца камэрцыйнымі рэйсамі зь некалькімі перасадкамі, але не зь Беларусі. Вядома таксама, што цяпер для пералётаў вагнэраўцаў Мінабароны Расеі не дае сваіх самалётаў.
Некалькі сваякоў вагнэраўцаў напісалі, што тыя ўжо знаходзяцца ў Лібіі. Там ПВК «Вагнэр» падтрымлівае сілы кіраўніка Лібійскай нацыянальнай арміі Халіфы Хафтара, якія супрацьстаяць прызнанаму ААН ураду краіны.
Журналісты Свабоды таксама высьветлілі новыя ўмовы прыёму на кантракт у ПВК. Цяпер абмежаваны ўзрост (ад 24 да 50 гадоў) і грамадзянства (на службу прымаюцца грамадзяне толькі Расеі і Беларусі, хоць ва Ўкраіне ваявалі найміты і зь іншых краін).
Інстытут вывучэньня вайны: Прыгожын намагаецца захаваць у Афрыцы выгадныя кантракты
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на прысутнасьць уласьніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў кулюарах саміту Расея — Афрыка, у межах якога ён правёў нефармальныя сустрэчы зь невядомай колькасьцю афрыканскіх лідэраў. Такім чынам, мяркуюць экспэрты, Прыгожын спрабуе пераканаць, што ПВК «Вагнэр» мае намер заставацца важным гульцом у Афрыцы.
«Пастаянныя намаганьні Прыгожына сустрэцца з афрыканскімі лідэрамі, пэўна, зьяўляюцца часткай намаганьняў ПВК „Вагнэр“ захаваць прыбытковыя вайсковыя і горназдабыўныя кантрактаў у Афрыцы», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны таксама згадалі выказваньне аднаго з камандзіраў групоўкі «Вагнэр», што яны працуюць над павелічэньнем сваіх апэрацый у Афрыцы, каб фінансаваць сваю прысутнасьць у Беларусі.
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
- Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».