Палітзьняволенага Зьмітра Дашкевіча, які меўся выйсьці на свабоду на пазамінулым тыдні пасьля 16 месяцаў зьняволеньня, але быў арыштаваны паводле 411-га артыкула (непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі), зьмясьцілі ў карцар.
«Ад першага дня прыезду ў турму Жодзіна Зьміцер знаходзіцца ў карцары. Ён вымушаны знаходзіцца там, бо адмаўляецца ісьці ў камэру да гвалтаўнікоў, куды яго заводзяць», — цытуе «Наша Ніва» допіс сяброў Дашкевіча, разьмешчаны ў сацсетках.
Паводле новых абвінавачаньняў Зьмітру можа пагражаць да 2 гадоў зьняволеньня.
Зьмітра Дашкевіча разам з жонкай Настай суд Маскоўскага раёну гораду Менску 14 ліпеня 2022 году асудзіў за «ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Зьмітру прысудзілі 1,5 года калёніі, Насьце — 3 гады «хатняй хіміі».
Палітзьняволены журналіст Андрэй Пачобут у ШЫЗА — другі ці трэці раз пасьля пераводу ў калёнію
Пра гэта паведамляе «Народная Воля» са спасылкай на жонку асуджанага журналіста. Паводле яе, да Андрэя не пускаюць адваката, а ў ШЫЗА яго трымаюць бязь лекаў.
«Што на сёньняшні дзень я ведаю пра мужа? Увогуле, нічога. Акрамя таго, што разьвіваюцца падзеі па найгоршым сцэнары, калі чалавек проста зьнікае ў калёніі безь якіх-небудзь вестак. Прыбыўшы месяц таму ў калёнію Наваполацку, Анджэй паведаміў пра гэта ў лісьце. Таксама ён пасьпеў паведаміць, што адразу ж у карантыне яго абвясьцілі злосным парушальнікам і пазбавілі перадачы і спатканьня», — паведамляла Аксана Пачобут.
Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. Яго асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.
Журналіста Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калёніі
Гэта вынікае з адказу начальніка магілёўскай папраўчай калёніі № 15, які прыйшоў Дзянісавай маці Людміле Івашынай. Пра суд, які пастанавіў перавесьці журналіста з калёніі на строгі турэмны рэжым, ня ведалі ні родныя, ні ягоны адвакат.
У лісьце ад 18 ліпеня за подпісам Лазарэнкі паведамляецца, што над Дзянісам адбыўся суд і што рашэньне выносіў суд Кастрычніцкага раёну Магілёва. Дата суду не ўказаная, піша @bajby.
У верасьні 2022 году Горадзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») і асудзіў яго на 13 гадоў і 1 месяц калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
- Журналіста праекту InformNapalm і газэты «Новы час» Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «здраду дзяржаве». Пазьней яго перавялі на турэмны рэжым.