Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішні банк «кашалька Лукашэнкі» вырашылі канчаткова закрыць


Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей. Архіўнае фота
Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей. Архіўнае фота

Акцыянэры вырашылі закрыць крэдытна-фінансавую арганізацыю «ОпціКурс», якая ўзьнікла трохі больш за год таму на месцы «Абсалютбанка», што трапіў пад амэрыканскія санкцыі як актыў бізнэсоўца Мікалая Вараб’я — «энэргетычнага кашалька» Лукашэнкі.

24 ліпеня адбыўся пазачарговы сход акцыянэраў нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі (НКФА) «ОпціКурс», паведамляе «Белсат». Сход правялі з ініцыятывы Рады назіральнікаў на падставе рашэньня Нацбанку РБ. На сходзе прынялі рашэньне аб ліквідацыі НКФА і аб спыненьні банкаўскай дзейнасьці.

На сайце арганізацыі афіцыйная інфармацыя на момант падрыхтоўкі матэрыялу апублікаваная не была, аднак зьвесткі аб прынятым рашэньні ў кантакт-цэнтры ўстановы пацьвердзілі выданьню «Зеркало».

Па пытаньнях пагашэньня крэдытаў і выкананьня іншых узаемных абавязаньняў кліентам «ОпціКурс» раяць камунікаваць з новым уласьнікам, але хто ён — пакуль невядома.

Правядзеньню сходу акцыянэраў папярэднічала заява ад 5 ліпеня 2023 году, у якой «ОпціКурс» паведаміла, што з гэтай даты пагашэньне раней выдадзеных крэдытаў можна зрабіць толькі праз АРІП, аддзяленьні «Белпошты» ці безнаяўным плацяжом празь іншыя банкі. Таксама абвяшчалася аб прыпыненьні працы разьлікова-касавага цэнтру на праспэкце Незалежнасьці, 95 у Менску (былы галоўны офіс «Абсалютбанку»).

5 ліпеня 2022 году «Абсалютбанк» абвясьціў аб зьмене назвы на «ОпціКурс» і пераўтварэньні з банку ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю з магчымасьцю аказаньня некаторых банкаўскіх паслугаў.

З публікацыяў на сайце арганізацыі заўважна, што цягам году пасьля стварэньня НКФА адбылося паступовае закрыцьцё ўсіх яе аддзяленьняў, скараціўся да мінімуму і сьпіс апэрацыяў, дасяжных для кліентаў.

Фінал «Абсалютбанку» пачаўся 9 жніўня 2021 году, калі ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да кампаній Мікалая Варабʼя, Аляксея Алексіна, Нябойшы Карыча. У тлумачальнай запісцы да санкцыйнага сьпісу гэтых бізнэсоўцаў называюць «кашалькамі Лукашэнкі» — энэргетычным, тытунёвым і будаўнічым, адпаведна. Санкцыі былі ўведзеныя ў дачыненьні да кампаній, зьвязаных з «кашалькамі», сярод якіх — «Абсалютбанк», «Энерга-Оіл» (сетка крамаў «Табакерка»), «Дана Холдынгс» і іншыя.

Ужо праз 10 дзён пасьля ўвядзеньня санкцыяў «Абсалютбанк» спыніў апэрацыі ў валюце.

Санкцыі да кампаніяў Варабʼя і іншых «кашалькоў» былі ўведзеныя за падтрымку рэжыму, які ўчыніў жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 году. Санкцыям супраць кампаніяў папярэднічалі пэрсанальныя санкцыі, уведзеныя супраць лукашэнкаўскіх алігархаў у сьнежні 2020 году.

Пасьля сьнежаньскіх санкцыяў 2020 году Мікалай Варабей, як і іншыя паплечнікі Лукашэнкі, вырашыў вывесьці свае актывы з-пад санкцыйнага ціску, проста перапісаўшы іх на іншых асобаў. Так, Верабей напрыканцы 2020 года перапісаў свой базавы актыў — «Чырвоны Бор» — на Алесю Беражную, Вячаслава Атрахімовіча ды Ірыну Панкратаву.

Беражная і Атрахімовіч — топ-менэджары алігарха, займалі тады пасады дырэктаркі і галоўнага бухгальтара кампаніі «Інтэрсэрвіс». Панкратава на пачатку 2010-х была індывідуальнай прадпрымальніцай у Наваполацку.

Аднак схема зь перапісваньнем актываў перастала працаваць летам 2021 году, калі Эўразьвяз і ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць канкрэтных кампаніяў Вараб’я. Праз два гады банк паплечніка Лукашэнкі фактычна перастаў існаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG