Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З кім у Эўропе сябруе набліжаны да Лукашэнкі алігарх Верабей і што яго сям’я захавала, нягледзячы на санкцыі — матэрыялы расьсьледаваньня


Мікалай Верабей
Мікалай Верабей

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) апублікаваў сумеснае з аўстрыйскімі спэцыялістамі расьсьледаваньне пра Мікалая Вераб’я, якога называюць «нафтавым кашальком Лукашэнкі».

Сьцісла:

  • За 5 гадоў сваякі Мікалая Вераб’я набылі кватэры і шале ў Аўстрыі. Гэтая маёмасьць ня трапіла пад санкцыі;
  • Шматгадовым партнэрам па пералётах і прыяцелем Вераб’я ў Аўстрыі зьяўляецца Максыміліян Крыстаф фон Габсбург-Латарынгскі. Праз свайго бацьку ён узыходзіць да адной з галін аўстра-вугорскага імпэратарскага роду Габсбург-Латарынгскіх і мае цесныя сувязі з РФ;
  • Зяць Вераб’я на працягу шэрагу гадоў дапамагаў бізнэсоўцам з постсавецкай прасторы захоўваць грошы ў Швайцарыі. Але быў вымушаны падаць у адстаўку пасьля скандалу са сваяком.

Сувязі Вераб’я ў Аўстрыі і элітная маёмасьць

Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей лічыцца галоўным нафтавым «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі, за што ён і трапіў пад санкцыі Эўразьвязу 17 сьнежня 2020 году. Але, як высьветліла сумеснае расьсьледаваньне БРЦ з аўстрыйскім выданьнем Dossier, раней Варабей атабарыўся ў Аўстрыі, дзе яго сям’я валодае люксавай маёмасьцю і сувязямі ў мясцовых элітах.

Найбольш прыкметны актыў — шале ў рэгіёне Карынція на поўдні Аўстрыі. Да рэзыдэнцыі плошчай 300 квадратаў прыкладаецца ўчастак 19 тысяч квадратных мэтраў, з лугамі, лясамі і садамі. Належыць гэтая маёмасьць фірме Power Chemical Trading. А ёй, у сваю чаргу, валодае Кацярына Смушковіч, у дзявоцтве — Варабей. Дзель у Power Chemical Trading ёй дасталася ад бацькі. Мікалаю ж Вераб’ю яе перадаў Максыміліян Крыстаф фон Габсбург-Латарынгскі.

У згаданай фірме ў розныя гады значыліся альбо 0, альбо 1 супрацоўнік. У фінансавай справаздачы за 2020 год у іх зафіксаваная чыстая страта — 1,5 мільёна эўра.

Верабей, Габсбург-Латарынгскі і іх сваякі неаднаразова рабілі пералёты з Эўразьвязу ў Беларусь і назад. 47-гадовы Максыміліян Габсбург-Латарынгскі працаваў у аўстрыйскіх банках Privatbank і Liechtensteine Landesbank (Österreich) AG, а цяпер валодае элітнай аўстрыйскай вінаробнай кампаніяй Weingut Habsburg і кампаніяй Habsburg Solutions, якая прапануе розныя паслугі прыватным кампаніям і асобам.

З 2020 году прыяцель Вераб’я кіруе «Аўстрыйска-расейскім таварыствам сяброўства», якое займаецца пасярэдніцтвам у бізнэс-кантактах паміж бізнэсоўцамі гэтых краін. Габсбурга называлі даверанай асобай Флярыяна Штэрмана — заснавальніка «Аўстрыйска-расейскага таварыства сяброўства».

Паводле паведамленьняў аўстрыйскай прэсы, гэтае таварыства і, у прыватнасьці, Штэрман маглі мець дачыненьне да аднаго з самых шуканых афэрыстаў Эўропы — Яна Марсалека. Канцы гэтага скандалу таксама хаваюцца ў Беларусі.

Іншая нерухомасьць сям’і алігарха

Сям’я Вераб’я валодае кватэрамі ў аўстрыйскай сталіцы. У 2013 годзе жонка бізнэсоўца Тамара Верабей набыла ў Вене кватэру за 3,7 мільёна эўра. Пры гэтым гадавы заробак жонкі Вераб’я ў наваполацкіх кампаніях «Аўтаімпарт» і «Інтэрсэрвіс» складаў 35 тысяч даляраў.

За год да гэтага «Інтэрсэрвіс» пасьпеў добра зарабіць на продажы «растваральнікаў». Гэта была адна з найбуйнейшых «шэрых» схемаў, якую пракруцілі беларускія ўлады і алігархі. Скарыстаўшыся прагаламі ў заканадаўстве, Беларусь рээкспартавала нафтапрадукты, атрыманыя з расейскай нафты, пад выглядам растваральнікаў, што дазваляла ёй пазьбягаць выплат у расейскі бюджэт пошлін за пастаўкі паліва за межы Мытнага зьвязу. Расея запатрабавала ад Беларусі кампэнсацыю ў 1,5 мільярда даляраў. У выніку скандал удалося замяць.

Таксама ў расьсьледаваньні ёсьць разьдзел пра сувязі і сяброўства Вераб’я з прадпрымальнікамі з Расеі.

Аўтары расьсьледаваньня пра меркаваную будучыню Вераб’я

У сваіх высновах БРЦ піша, што нягледзячы на тое, што Мікалай Варабей трапіў пад эўрапейскія санкцыі ў 2020 годзе — яго сям’я змагла пазьбегнуць замарозкі аўстрыйскай нерухомасьці.

«Як паказвае практыка, пасьля нашага расьсьледаваньня ў іх могуць узьнікнуць непрыемнасьці зь мясцовымі ўладамі. Так, сябар Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Гуцэрыеў паспрабаваў схаваць праз шэраг афшорных кампаній і свайго сына Саіда нерухомасьць у цэнтры Лёндану. Празь месяц пасьля нашага сумеснага расьсьледаваньня аб гэтым з выданьнем The Guardian — маёмасьць на мільёны даляраў замарозілі, і сын алігарха таксама трапіў пад брытанскія санкцыі», — піша БРЦ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG