Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША адрэагавалі на заяву Лукашэнкі аб жаданьні вагнэраўцаў «наведацца» ў Польшчу


Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер
Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер

Сьпікер Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША таксама адрэагаваў на выказваньне расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна пра нібыта намер Польшчы напасьці на Беларусь.

Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер назваў безадказнай заяву Аляксандра Лукашэнкі аб жаданьні вагнэраўцаў «наведаць» Польшчу.

«Я скажу, што гэта яшчэ адзін з сэрыі безадказных камэнтароў Лукашэнкі. І адзінае, што я паўтару, Злучаныя Штаты будуць абараняць кожны сантымэтар тэрыторыі NATO», — сказаў Мэт’ю Мілер на брыфінгу 24 ліпеня.

Сьпікер Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША таксама адрэагаваў на выказваньне расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб нібыта намеры Польшчы напасьці на Беларусь.

«У рэгіёне ёсьць толькі адна краіна, якая прадэманстравала ня толькі намер, але і гатоўнасьць уварвацца да сваіх суседзяў. І гэта Расея, а ня Польшча ці любая іншая краіна ў рэгіёне. І таму я толькі паўтару, што наш саюз з Польшчай моцны. Польшча, вядома, зьяўляецца сябрам NATO, і мы будзем абараняць, калі спатрэбіцца, кожны сантымэтар тэрыторыі NATO», — падкрэсьліў Мэт’ю Мілер.

21 ліпеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі заявіў, што агрэсія супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць Расеі, падкрэсьліўшы, што Беларусь — частка саюзнай дзяржавы. Пры гэтым у тэрытарыяльных прэтэнзіях у дачыненьні да Беларусі ён абвінаваціў Польшчу.

На сустрэчы з Пуціным 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра жаданьне вагнэраўцаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, «схадзіць на экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў (цэнтар Падкарпацкага ваяводзтва Польшчы).

Раней, 12 ліпеня, кіраўнік камітэту Дзярждумы Расеі па абароне Андрэй Картапалаў заявіў, што ПВК «Вагнэр» увялі ў Беларусь для наступнага захопу Сувальскага калідора (тэрыторыя Польшчы і Літвы паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю Расеі).

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» пойдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG