Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрыжак: Пасьля фільма аб пратэстах зваротаў у BySol стала ўдвая больш


Андрэй Стрыжак. Каляж
Андрэй Стрыжак. Каляж

У панядзелак літоўскі інфармацыйны партал Delfi выклаў на сваім Youtube-канале фільм пра беларускія пратэсты 2020 году. Праўладныя тэлеграм-каналы і каналы, блізкія да сілавікоў у Беларусі, заявілі, што фільм дапаможа ў пошуках пратэстоўцаў.

Многія беларусы ў чатах і сацыяльных сетках абурыліся фільмам, бо там відаць твары многіх удзельнікаў пратэстаў. Пра захады бясьпекі праз 3 гады пасьля пратэстаў у інтэрвію Свабодзе расказвае кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.

На думку Стрыжака, гэты фільм у тым выглядзе, у якім ён зьявіўся, не павінен быў зьяўляцца. Тым ня менш ён прызнае права аўтара выказваць сваю думку так, як ён лічыць мэтазгодным, і атрымліваць за гэта крытыку.

BySol апублікаваў учора зварот да тых, хто мог пазнаць сябе на кадрах у фільме. «У выпадку, калі вы адчуваеце сябе ў небясьпецы ў сувязі з інцыдэнтам, зьвяртайцеся на акаўнт гарачай лініі BySol у ТГ для экстранай эвакуацыі», — напісаў кіраўнік фонду.

Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube.

«У нас удвая вырасьлі звароты за мінулы дзень. Дзясяткі новых людзей. За дзьве гадзіны прыйшло два дзясяткі чалавек. Ня ўсе пытаюцца пра выезд, пытаюцца пра дапамогу, што рабіць, калі пазнаў там сябе або сваіх знаёмых. Мы даём кансультацыі, супакойваем, бо паніка — самы галоўны хаўрусьнік нашых ворагаў. Але мы кажам, што няма ніякіх гарантый, што да вас ніколі ня прыйдуць пасьля гэтага відэа. Калі вы заўважылі сябе там, то гэта дадатковы аргумэнт, каб перамясьціцца ў больш бясьпечнае месца і пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», — сказаў Свабодзе Андрэй Стрыжак.

Пратэсты Мікалай Мамінаў пачаў здымаць адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў 9 жніўня 2020 году. Яго затрымлівалі двойчы, у выніку Мамінаў зьехаў зь Беларусі. Ідэя зрабіць фільм з адзьнятага матэрыялу прыйшла праз год. Некаторыя твары ўдзельнікаў пратэстаў у стужцы заблюраныя, аднак яна выклікала крытыку з боку беларусаў.

Фільм хутка прыбралі з агульнага доступу. Праўда, яго пасьпелі перазаліць і апублікаваць сілавікі. Яны ж пачалі пісаць у тэлеграм-каналах, што цяпер пратэстоўцаў лягчай высачыць.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» выклаў фільм у сваім тэлеграм-канале пасьля таго, як яго выдалілі з Delfi. Там мяркуюць, што такім чынам дапамагаюць людзям зразумець, ці сапраўды ім нешта пагражае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG