Некалькі дзён таму намесьніца дырэктаркі магілёўскай школы № 34 Галіна Бяляева расказала газэце «Звязда», што ў Арле знайшлі мэмарыяльную пліту, якая належыць архіяпіскупу Магілёўскаму і Амсьціслаўскаму Яўсевію. Ён памёр у 1883 годзе і быў пахаваны ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Магілёве.
Галіна Бяляева па адукацыі гісторык і спэцыялізуецца на дасьледаваньнях старадаўніх надмагільляў.
«Імя архіяпіскапа Яўсевія ўсплыло, калі я працавала ў піцерскіх архівах. У дакумэнтах вядомага вучонага, выдаўца і гісторыка, вялікага князя Мікалая Раманава (дзядзькі цара Мікалая ІІ), я знайшла цікавы рапарт, дзе была інфармацыя пра тое, што ў Спаса-Праабражэнскай царкве пахаваныя магілёўскія архіяпіскапы Георгі Каніскі і Яўсевій, а таксама япіскап Віталь Грачулевіч. Гэтая інфармацыя спатрэбілася князю, каб сыстэматызаваць зьвесткі па ўсіх правінцыйных могілках, у тым ліку тых, якія знаходзіліся на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі,на той момант часткі Расейскай імпэрыі.
З той падачы ў 1908–1911 гадах Магілёўская япархія правяла маштабную работу па перапісе зьвестак з надмагільных пліт. Гэты абагульнены звод павінен быў увайсьці ў адзін з тамоў спэцыяльнага выданьня. Але адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, і сабраныя зьвесткі ляглі ў архівы. Што датычыцца Спаса-Праабражэнскага храма, то яго зьнесьлі ў 50-я гады мінулага стагодзьдзя. Сёньня на гэтым месцы знаходзіцца Сьледчы камітэт Магілёўскай вобласьці», — сказала дасьледчыца.
Пакуль Бяляева рыхтавала да выданьня кнігу «Неапублікаваны расейскі правінцыйны нэкропаль Мікалая Міхайлавіча Раманава» і разьмяшчала ў інтэрнэце інфармацыю пра тых знакавых для Магілёва асоб, прозьвішчы якіх яна выпісала з архіва, на яе выйшлі краязнаўцы і паведамілі, што ў Арле на могілках знаходзіцца пліта колішняга магілёўскага архіяпіскапа.
Высьветліўся і яшчэ адзін факт — пліту ў Арле паклалі на магілу зусім іншага чалавека. Настаяцель арлоўскай царквы і дыякан расказалі мясцоваму музэю, што пліта Яўсевія знаходзіцца на магіле дзяўчынкі Любові Лісавай, якая памерла ад сухотаў у 1872 годзе.
У Арле могуць знаходзіцца таксама іншыя пліты з Магілёва, якія, імаверна, выкарыстоўвалі для аднаўленьня савецкіх гарадоў пасьля ІІ сусьветнай вайны. Напрыклад, у Арле абломкі надмагільляў знайшлі ў адной з апораў моста цераз Аку.