Пасьля шэрагу фактаў парушэньня Беларускім Чырвоным Крыжом прынцыпаў Міжнароднай фэдэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ёсьць дастаткова падстаў для яго выключэньня з гэтай міжнароднай арганізацыі, заявіў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец.
Ён зьвярнуўся да міжнароднай фэдэрацыі з просьбай запатрабаваць у БЧК «поўнай інфармацыі пра дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны, якія на працягу 2021, 2022 і 2023 гадоў знаходзіліся на «аздараўленьні» і «адпачынках» у Беларусі.
Лубінец адзначыў, што Беларускі Чырвоны Крыж, які зьяўляецца часткай міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і сябрам аднайменнай Міжнароднай фэдэрацыі, павінен прытрымлівацца місіі і прынцыпаў руху, у прыватнасьці прынцыпу нэўтралітэту.
«Аднак генэральны сакратар Шаўцоў ня толькі ўдзельнічае ў арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь „лягера“ для дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны, але і адкрыта „падарожнічае“ на часова акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласьці, парушаючы дзяржаўныя межы Ўкраіны. Акрамя таго, ён удзельнічае ў прапагандысцкіх беларускіх тэлепраграмах. Чарговы раз падкрэсьліваю, што эмблему Чырвонага Крыжа выкарыстоўваюць для прыкрыцьця ваенных злачынстваў», — зазначыў Лубінец.
Украінскі Чырвоны Крыж таксама выступіў з афіцыйнай пазыцыяй адносна незаконнай дзейнасьці Беларускага Чырвонага Крыжа на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.
Арганізацыя заклікала Міжнародную фэдэрацыю таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ўсе нацыянальныя таварыствы Чырвонага крыжа і Чырвонага Паўмесяца асудзіць удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і іхных дзеяньняў у межах міжнародна прызнаных дзяржаўных межаў Украіны і разгледзець пытаньне аб выключэньні беларускага Чырвонага Крыжа з міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
19 ліпеня з заклікам да Міжнароднага крымінальнага суду выдаць ордэр на арышт Дзьмітрыя Шаўцова выступіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.
Міжнародны Чырвоны Крыж адхрысьціўся ад паездак Шаўцова на акупаваны Расеяй Данбас
Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца раскрытыкавала візыт Шаўцова на Данбас.
«Нам не паведамілі пра гэты візыт, і мы ня ўдзельнічалі ні ў якіх мерапрыемствах, уключаючы вываз дзяцей», — паведамілі ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа.
Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца «надзвычай сур’ёзна ставіцца да дзеяньняў любога з нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа або Чырвонага Паўмесяца, якія супярэчаць гуманітарнай місіі арганізацыі, асноватворным прынцыпам і палітыцы».
У сувязі з гэтым IFRC перадала гэтую справу ў Камітэт па выкананьні патрабаваньняў і пасярэдніцтве, які, паводле Канстытуцыі арганізацыі, расьсьледуе і ліквідуе меркаваныя парушэньні добрасумленнасьці.
«Надзвычайныя абставіны гэтага візыту, уключаючы выкарыстаньне сымбаля, які асацыюецца з адным з бакоў міжнароднага ўзброенага канфлікту ва Ўкраіне, закранаюць асноўныя прынцыпы міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Візыт і зьвязаныя зь ім мерапрыемствы не былі ўзгодненыя зь іншымі кампанэнтамі руху, як таго патрабуюць нашы ўнутраныя правілы і прадпісаньні.
Гэтыя дзеяньні рызыкуюць падарваць давер да нашай працы ў падтрымцы супольнасьцяў, якія маюць патрэбу, кім бы яны ні былі і па які б бок фронту яны ні знаходзіліся. Вельмі важна, каб усе кампанэнты міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца захоўвалі сваю незалежнасьць ад урадаў і носьбітаў зброі».
Міжнародны офіс паведамляе, што зьвязаўся зь Беларускім Чырвоным Крыжам, каб выказаць заклапочанасьць і спыніць любую падобную дзейнасьць у будучыні, гаворыцца ў заяве.
Што рабіў Шаўцоў на акупаваным Данбасе
Днямі генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны. На гэта зьвярнуў увагу сайт «Зеркало».
«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыяжджаюць да нас на аздараўленьне. І, шчыра кажучы, справа ў тым, што і беларускі Чырвоны Крыж браў у гэтым — і бярэ, і будзе браць — актыўны ўдзел», — заявіў Дзьмітры Шаўцоў.
Падчас сваёй паездкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Шаўцова заўважылі ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Ўкраіне, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нэўтральнымі.
- 18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.
- Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.