«Нам не паведамілі пра гэты візыт, і мы ня ўдзельнічалі ні ў якіх мерапрыемствах, уключаючы вываз дзяцей», — паведамілі ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа.
Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца «надзвычай сур’ёзна ставіцца да дзеяньняў любога з нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа або Чырвонага Паўмесяца, якія супярэчаць гуманітарнай місіі арганізацыі, асноватворным прынцыпам і палітыцы».
У сувязі з гэтым IFRC перадала гэтую справу ў Камітэт па выкананьні патрабаваньняў і пасярэдніцтве, які, паводле Канстытуцыі арганізацыі, расьсьледуе і ліквідуе меркаваныя парушэньні добрасумленнасьці.
«Надзвычайныя абставіны гэтага візыту, уключаючы выкарыстаньне сымбаля, які асацыюецца з адным з бакоў міжнароднага ўзброенага канфлікту ва Ўкраіне, закранаюць асноўныя прынцыпы міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Візыт і зьвязаныя зь ім мерапрыемствы не былі ўзгодненыя зь іншымі кампанэнтамі руху, як таго патрабуюць нашы ўнутраныя правілы і прадпісаньні.
Гэтыя дзеяньні рызыкуюць падарваць давер да нашай працы ў падтрымцы супольнасьцяў, якія маюць патрэбу, кім бы яны ні былі і па які б бок фронту яны ні знаходзіліся. Вельмі важна, каб усе кампанэнты міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца захоўвалі сваю незалежнасьць ад урадаў і носьбітаў зброі».
Міжнародны офіс паведамляе, што зьвязаўся зь беларускім Чырвоным Крыжам, каб выказаць заклапочанасьць і спыніць любую падобную дзейнасьць у будучыні, гаворыцца ў заяве.
Таксама ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа адзначылі, што кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа не выступае ад імя IFRC або якога-небудзь іншага кампанэнта руху і ягоныя заявы не адлюстроўваюць пункту гледжаньня ўсёй арганізацыі.
«Усе сябры Нацыянальнага грамадзтва IFRC зьвязаны асноватворнымі прынцыпамі руху, нашымі ўнутранымі правіламі і палітыкай, уключаючы палітыку IFRC у галіне абароны, гендара і інклюзіўнасьці, у якой яны абавязваюцца забясьпечваць абарону дзяцей».
Днямі генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны. На гэта зьвярнуў увагу сайт «Зеркало».
«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыяжджаюць да нас на аздараўленьне. І, шчыра кажучы, справа ў тым, што і беларускі Чырвоны Крыж браў у гэтым — і бярэ, і будзе браць — актыўны ўдзел», — заявіў Дзьмітры Шаўцоў.
Украінскі Чырвоны Крыж празь некаторы час выступіў з афіцыйнай пазыцыяй адносна незаконнай дзейнасьці Беларускага Чырвонага Крыжа на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.
Арганізацыя заклікала Міжнародную фэдэрацыю таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ўсе нацыянальныя таварыствы Чырвонага крыжа і Чырвонага Паўмесяца асудзіць удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і іхных дзеяньняў у межах міжнародна прызнаных дзяржаўных межаў Украіны і разгледзець пытаньне аб выключэньні беларускага Чырвонага Крыжа з Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
19 ліпеня з заклікам да Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордар на арышт Дзьмітрыя Шаўцова выступіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітры Кулеба.
Падчас сваёй папярэдняй паездкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Шаўцова заўважылі ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Ўкраіне, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нэўтральнымі.
У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа заявілі, што вывучаюць гэты інцыдэнт.
18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.
Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.